Пра гэта паведаміў Белы Дом. Таксама сьцьвярджаецца, што на дадатак да ўжо існуючага гуманітарнага калідору з поўначы на поўдзень Газы будзе адкрыты яшчэ адзін калідор.
Па словах прадстаўніка Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джона Кірбі, пра штодзённыя гуманітарныя паўзы папрасіў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн падчас тэлефоннай размовы з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу ў панядзелак.
У апошнія дні Ізраіль на некалькі гадзін абвяшчаў аб адкрыцьці гуманітарнага калідора, не называючы гэта гуманітарнай паўзай. У апошнія дні фіксуецца павелічэньне колькасьці жыхароў поўначы Газы, якія адпраўляюцца на поўдзень. У паўночнай частцы сэктару ідуць баі паміж ізраільскімі вайскоўцамі і атрадамі радыкальнай палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ. Частка сэктару Газа ўжо пад кантролем ізраільскіх вайскоўцаў — у тым ліку нешырокая паласа, якая адлучае яго паўднёвую частку ад паўночнай.
Многія краіны сьвету заклікаюць да спыненьня агню ў Газе, спасылаючыся на вялікую колькасьць загінулых жыхароў сэктару. Па дадзеных кантраляванага ХАМАС Міністэрства здароўя, іх колькасьць дасягнула 11 тысяч. Ізраіль заяўляе, што ня пойдзе на спыненьне агню ва ўсякім разе да вызваленьня ўсіх захопленых ХАМАСам 7 кастрычніка закладнікаў. ЗША не заклікаюць Ізраіль да перамірʼя, аднак у апошні час усё часьцей выказваюцца ў падтрымку гуманітарных паўзаў у баявых дзеяньнях.
Саюзная ХАМАСу палестынская радыкальная групоўка «Ісламскі джыхад» паведаміла, што пры выкананьні пэўных умоваў гатовая вызваліць двух закладнікаў — жанчыну сталага веку і хлопчыка. Пра рэакцыю Ізраілю на гэтую заяву пакуль не паведамлялася.
Усяго экстрэмісцкія групоўкі ўтрымліваюць у сэктары Газа каля 240 закладнікаў — ізраільцян і грамадзян іншых дзяржаў. Паведамляецца, што кіраўнікі выведных службаў ЗША і Ізраілю — ЦРУ і «Масад» — Уільям Бэрнс і Давід Барнэа сустрэліся ў Катары з прэмʼер-міністрам гэтай краіны, каб абмеркаваць пытаньне вызваленьня закладнікаў. Катар падтрымлівае кантакты з кіраўніцтвам ХАМАСу і пэрыядычна выступае ў ролі пасярэдніка.
Цяперашняе рэзкае абвастрэньне сытуацыі ў Газе пачалося пасьля нападу ХАМАСу на Ізраіль 7 кастрычніка, падчас якога былі забітыя каля 1400 чалавек, пераважна цывільныя мірныя ізраільцяне. Ізраіль пачаў апэрацыю ў адказ супраць ХАМАСу, пад кантролем якога знаходзіцца сэктар Газа. Мэтай апэрацыі называецца поўнае зьнішчэньне структур ХАМАСу ў Газе.