Дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што неўзабаве Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падпішуць пагадненьне аб узаемных гарантыях бясьпекі.
«Пагадненьне практычна падрыхтавана, засталося слова за нашымі замежнапалітычнымі ведамствамі. Я думаю, што найбліжэйшым часам яго прадставяць для падпісаньня кіраўнікам нашых дзяржаў», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Вальфовіча пасьля ягонай сустрэчы з сакратаром Савету бясьпекі Расеі Мікалаем Патрушавым.
Дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі таксама паведаміў, што на сустрэчы абмеркавалі пытаньні, зьвязаныя з канцэпцыяй бясьпекі «саюзнай дзяржавы», якую падпішуць у наступным годзе.
Аляксандар Вальфовіч і Мікалай Патрушаў зацьвердзілі плян двухбаковай супрацы між апаратамі сваіх ведамстваў на 2024-2025 гады.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.