Кабінэт міністраў Украіны спыніў дзеяньне дамовы СНД аб супрацы ў барацьбе са злачынствамі ў сфэры эканомікі ў дачыненьнях з Расеяй і Беларусьсю.
Такі крок ва ўрадзе Ўкраіны патлумачылі «прынцыповымі зьменамі абставін».
Краіны СНД падпісалі дамову аб супрацы ў барацьбе з злачынствамі ў сфэры эканомікі 12 красавіка 1996 году ў Маскве (Расея).
Дамова прадугледжвала абмен інфармацыяй і досьведам у сфэры барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, а таксама аказаньне прававой дапамогі пры іх расьсьледаваньні.
У пачатку кастрычніка Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў рашэньне аб спыненьні дзеяньня дамовы аб супрацы краін Садружнасьці Незалежных Дзяржаў (СНД) у барацьбе са злачыннасьцю ў дачыненьнях з Расеяй і Беларусьсю.
Украіна выйшла з СНД у траўні 2018 году і цяпер пераглядае прававую базу. Некаторыя пагадненьні СНД усё яшчэ маюць юрыдычную моц зь іншымі краінамі арганізацыі, але толькі ў тым выпадку пакуль ня будуць падпісаныя адпаведныя двухбаковыя пагадненьні.
З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымаў і Аляксандар Лукашэнка, Украіна ажыцьцяўляе працэс спыненьня дзеяньня дакумэнтаў, падпісаных зь Беларусьсю.
Зь лютага 2022 году Ўкраіна спыніла дзеяньне больш як 30 двухбаковых пагадненьняў і дамоваў зь Беларусьсю. Раней паведамлялі, што дзейнымі застаюцца яшчэ каля 100 такіх дакумэнтаў.