Тысячы вяскоўцаў у гарах на паўночным захадзе Нэпалу апынуліся ў суботу ўвечары на адкрытым паветры ў моцны мароз. Гэта адбылося пасьля таго, як землятрус забіў па меншай меры 157 чалавек і пашкодзіў або разбурыў большасьць дамоў.
Большасьць дамоў у вёсках у раёне Джаджаркот або абваліліся, або былі сур’ёзна пашкоджаны раптоўным землятрусам у пятніцу ўвечары, у той час як некалькі бэтонных дамоў у гарадах таксама былі пашкоджаныя, піша АР.
«Мы чакаем крэмацыі целаў нашых вяскоўцаў і спрабуем клапаціцца пра людзей, якія пацярпелі ў выніку землятрусу», — сказаў Лал Бахадур Біка, жыхар вёскі Чыуры, паказваючы на 13 целаў, загорнутых у белую тканіну, якія чакаюць крэмацыі.
Большасьць дамоў у вёсцы Чыуры разбураныя таксама.
Людзі выкарыстоўвалі ўсё, што маглі знайсьці, каб стварыць прытулак на ноч, выкарыстоўваючы поліэтыленавыя прасьціны і старую вопратку, каб сагрэцца.
Большасьць загінулых былі раздушаны абломкамі, калі іх дамы — звычайна зробленыя з камянёў і бярвеньня — разваліліся пад сілай землятрусу, паведамляюць мясцовыя СМІ.
У той час як ратавальнікі імкнуліся аказаць дапамогу, апэрацыі ўскладняліся тым, што да многіх горных вёсак можна было дабрацца толькі пешшу. Дарогі таксама былі заблякаваныя апоўзьнямі, выкліканымі землятрусам. Салдаты спрабавалі расчышчаць перакрытыя дарогі.