Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі запусьцілі экспэрымэнт па «аптымізацыі» бюджэтнікаў. Каму чакаць скарачэньняў і павелічэньня нагрузкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пілётны праект па аптымізацыі колькасьці работнікаў бюджэтных арганізацый мае на мэце «павышэньне эфэктыўнасьці расходаваньня сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў», гаворыцца ў пастанове Савета міністраў, апублікаванай 4 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Кіраўнікі вызначаных Саўмінам арганізацый скароцяць штатныя адзінкі і ўскладуць працу, якую яны выконвалі, на іншых супрацоўнікаў. Пры гэтым кіраўнік мусіць вызначыць «аптымальную нагрузку» для работнікаў, якую яны змогуць выконваць за звычайны працоўны дзень «бяз шкоды тэрмінам і якасьці выкананых работ», гаворыцца ў пастанове.

Згодна з дакумэнтам, скарачэньне штатаў плянуюць у 26 бюджэтных установах па ўсёй Беларусі:

  • дзіцячы садок № 110 г. Гомля,
  • санаторны дзіцячы садок № 14 г. Гомля,
  • дзіцячы садок № 6 г. Фаніпаля,
  • сярэдняя школа № 4 г. Стоўбцы,
  • цэнтар творчасьці «Эвэрэст» г. Магілёва,
  • Смаргонскі раённы цэнтар творчасьці дзяцей і моладзі,
  • Крупская цэнтральная раённая бальніца,
  • Любанская цэнтральная раённая бальніца,
  • 1-я цэнтральная раённая клінічная паліклініка Цэнтральнага раёну Менску,
  • 38-я гарадзкая клінічная паліклініка,
  • Берасьцейская дзяржаўная абласная вучэльня алімпійскага рэзэрву,
  • Наваполацкая дзяржаўная вучэльня алімпійскага рэзэрву,
  • Наваградзкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа № 2,
  • тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Менску,
  • Капыльскі тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва,
  • Дзяржынскі тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва,
  • Пухавіцкі псыханэўралягічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў,
  • дом-інтэрнат для пэнсіянэраў і інвалідаў у Менску,
  • дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця ў Менску,
  • Рэчыцкі раённы цэнтар культуры і народнай творчасьці,ю
  • Наваградзкая раённая бібліятэка,
  • Заслаўская дзіцячая школа мастацтваў,
  • Дзіцячая школа мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства Горкі,
  • Дзяржаўны архіў грамадзкіх аб’яднаньняў Горадзенскай вобласьці,
  • Дзяржаўны архіў грамадзкіх абʼяднаньняў Магілёўскай вобласьці,
  • Занальны дзяржаўны архіў у Крычаве.

У Саўміне запэўніваюць, што работніку ня змогуць даць дадатковую нагрузку «безь ягонай пісьмовай згоды» і што ён зможа «датэрмінова адмовіцца выконваць дадатковую работу».

Экспэрымэнт працягнецца да 15 сьнежня 2024 году. Па яго заканчэньні кіраўнікі гэтых арганізацый мусяць даць справаздачу аб зэканомленых у выніку аптымізацыі штату сродках, а дзяржаўныя органы разам з аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам прааналізуюць вынікі і ўнясуць прапановы па пераглядзе тыпавых штатаў, нарматываў колькасьці і памераў надбавак работнікам бюджэтных арганізацый. Іх разгледзяць Міністэрствы працы і сацыяльнай абароны і Мінфін і да 15 сьнежня 2024 году ўнясуць адпаведныя прапановы ў Саўмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG