Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусам трэба вярнуць шэнгенскія візы, каб яны езьдзілі ў Эўропу, а ня ў Сочы», — кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве


Алесь Зарэмбюк
Алесь Зарэмбюк

Польшча спыніла выдачу гуманітарных візаў, аб якіх хадайнічаў Беларускі дом у Варшаве. З пачатку 2023 году па хадайніцтве Беларускага дому ў Варшаве 1507 чалавек атрымалі польскія гуманітарныя візы, аднак зь верасьня працэс спыніўся.

З пачатку восені не задаволена ніводнае з 188 хадайніцтваў, пададзеных у Міністэрства замежных спраў Польшчы. Што адбываецца? Справу камэнтуе кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

«У адказ на рэпрэсіі, якія пачаліся ў Беларусі ў траўні 2020 году, «Беларускі дом» стварыў праграму дапамогі рэпрэсаваным беларусам. У рамках гэтай праграмы ўсе гэтыя тры гады мы супрацоўнічалі з польскім МЗС. Асабліва пасьля 9 жніўня 2020 году трэба было вельмі хутка вырашаць візавыя пытаньні і хутка вывозіць пацярпелых беларусаў у Польшчу, у тым ліку ў санаторыі, якія мы для іх арганізавалі, і лякарні», — расказвае Зарэмбюк.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Ад верасьня хадайніцтвы «Беларускага дому» не задавальняюцца. У МЗС патлумачылі, што там распрацоўваецца новая працэдура выдачы гэтых візаў.

«Гэта ня значыць, што нам адмовілі, тым людзям, якія чакаюць гэтых візаў. Але гэта значыць, што працэдура яшчэ не прынятая. Будзе новая працэдура, у рамках якой або адновіцца ўзаемадзеяньне паміж нашай арганізацыяй і МЗС, або гэта будзе вырашана нейкім іншым чынам», — кажа кіраўнік «Беларускага дому».

Ён дадае, што гаворка пакуль ідзе аб прыпыненьні менавіта разгляду запытаў ад «Беларускага дому», а не агулам зваротаў беларусаў у польскія консульствы. Раней асобы, якія мусілі атрымаць гуманітарную візу, зьвярталіся ў «Беларускі дом», тлумачылі прычыну, прыводзілі доказы перасьледу і маглі хутка атрымаць польскую візу. Спачатку заяўку правяралі прадстаўнікі арганізацыі. Затым чарговая вэрыфікацыя адбывалася ў консульствах.

На думку Алеся Зарэмбюка, цяпер неабходна ўздымаць пытаньне аб аднаўленьні выдачы шэнгенскіх візаў для беларусаў, у тым ліку турыстычных. Паводле яго, сёньня беларусы часта вымушаныя атрымліваць візы ў Эўразьвяз праз шэрыя схемы. На яго думку, важна перагледзець правілы і вярнуць выдачу візаў на тым узроўні, як гэта было да 2020 году, каб беларусы больш бывалі ў Эўропе, а ня мусілі адпачываць у Расеі.

«Бо беларусы вымушаныя цяпер езьдзіць у Расею, у Геленджык ці Сочы, або ў Пецярбург замест Львова. Гэта вялікая праблема. Мы — эўрапейская нацыя, і беларусы такія ж грамадзяне, як палякі ці літоўцы. Вельмі важна, каб былі такія візы і для беларусаў, якія хочуць пабачыць сваіх сваякоў, якія вымушаныя былі выехаць. Гэта сотні тысяч чалавек. Візы павінны атрымаць і чальцы грамадзянскай супольнасьці, якія застаюцца ў Беларусі. А вырашыць гэта можа толькі Эўразьвяз і краіны ЭЗ», — дадае кіраўнік «Беларускага дому».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG