Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арастовіч заявіў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты Ўкраіны


Аляксей Арастовіч
Аляксей Арастовіч

Былы пазаштатны дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч заявіў, што мае намер удзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне.

У сваім Фэйсбуку ён апублікаваў асноўныя тэзісы сваёй перадвыбарчай праграмы.

У прыватнасьці, ён выступае за пераход да стратэгічнай абароны на фронце, а таксама за зьмену сыстэмы мабілізацыі.

У сваёй праграме Арастовіч піша: «Прапанова калектыўнаму Захаду — мы гатовыя да варыянту Кісінджэра — патрабуем уступленьня ў NATO з абавязаньнем не адваёўваць акупаваныя на момант уступленьня тэрыторыі, а дамагацца іх вяртаньня толькі палітычным шляхам».

«Армія, якая не ўзяла Такмак, ня можа гаварыць сур’ёзна пра выхад да мяжы 1991 году. Значыць, трэба шукаць альтэрнатыўныя рашэньні», — заявіў ён у інтэрвію каналу «Ходорковский LIVE».

Паводле Арастовіча, вайна ва Ўкраіне зайшла ў тупік: Расея ня здольная заваяваць Украіну, а Ўкраіна ня можа адваяваць акупаваныя тэрыторыі.

Таксама Арастовіч заявіў, што выступае за шырокія інтэграцыйныя працэсы з суседзямі — Польшчай і Румыніяй.

  • Пазаштатны дарадца офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч быў адпраўлены ў адстаўку ў студзені 2023 году, пасьля таго як заявіў, што расейская ракета ўпала на жылы дом у Дняпры праз тое, што яе зьбілі ўкраінскія сілы СПА. Тады ягоныя словы выклікалі хвалю грамадзкага абурэньня і былі зьняпраўджаныя ўкраінскім войскам.
  • Арастовіч займеў вялікую папулярнасьць ва Ўкраіне, камэнтуючы ваенна-палітычную сытуацыю на пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG