Кастрычнік стаў рэкордным паводле колькасьці спробаў нелегальнага пераходу мяжы Беларусі і ЭЗ. Якія лічбы

У 2023 годзе спынена 38 301 спроба незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 23 381, Латвію — 12 731, Літву — 2189), з пачатку кастрычніка — 5077.

Статыстыка, выведзеная агенцтвам «Позірк» на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць пра тое, што напружанасьць на мяжы Беларусі і ЭЗ вагаецца, але захоўваецца. Калі зімой на пачатку году было папярэджана 3959 спроб нелегальнага пераходу мяжы (студзень — 1989, люты — 1970), то ўвесну — 11 560 (сакавік — 3401, красавік — 3440, травень — 4719), улетку — 13 250 (чэрвень — 3701, ліпень — 5054, жнівень — 4495); у верасьні — 4449. У кастрычніку зафіксаваная рэкордная з пачатку году колькасьць спробаў нелегальнага пераходу мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЭЗ пачаўся ўвесну 2021 году.

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заявіў, што Беларусь ня будзе дапамагаць Эўразьвязу ў барацьбе зь нелегальнай міграцыяй з прычыны ягонай санкцыйнай палітыкі.

«Наша пазыцыя сьветлая і зразумелая: мы не адстойнік. Мы нікога тут лавіць ня будзем. Тым больш вы іх паклікалі. Няхай ідуць», — заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсьліў, што раней Беларусь дапамагала Эўразьвязу абараняць зьнешнюю мяжу Зьвязу і весьці барацьбу зь нелегальнай міграцыяй, але калі ЭЗ увёў санкцыі і «пачаў эканамічную вайну», пазыцыя памянялася.

​
XS
SM
MD
LG