Мужчына, якога падазраюць у забойстве 18 чалавек у горадзе Люістан у амэрыканскім штаце Мэн, знойдзены мёртвым пасьля трох дзён пошукаў, паведамляе ВВС са спасылкай на мясцовую паліцыю.
На прэс-канфэрэнцыі ў мэрыі Люістана губэрнатар штату Мэн Джанэт Мілс паведаміла, што цела загінулага знайшлі ў 10 мілях ад Люістана, непадалёк ад месца страляніны. Паводле CBS News, цела 40-гадовага Робэрта Карда знайшлі побач з цэнтрам па перапрацоўцы сьмецьця. Як паведамляюць крыніцы AP у паліцыі, ён мог скончыць жыцьцё самагубствам.
Суразмоўцы AP таксама паведамілі, што ў доме, зьвязаным з падазраваным, знайшлі запіску, у якой гаварылася пра самагубства. Яна была адрасаваная сыну Карда. Таксама ў доме знайшлі мабільны тэлефон падазраванага.
У паліцыі кажуць, што многія падрабязнасьці справы пакуль не выдаюцца, бо ўлады хочуць спачатку пагаварыць зь сем’ямі ахвяраў.
- Страляніна адбылася ў горадзе Льюістан, у амэрыканскім штаце Мэн 25 кастрычніка. У выніку яе 18 чалавек загінулі і яшчэ 13 былі параненыя.
- Паліцэйскае ўпраўленьне Люістану паведаміла імя падазраванага — гэта 40-гадовы Рабэрта Карда. Інфармацыйна-аналітычны цэнтар штату Мэн паведаміў, што Кард знаходзіўся ў псыхіятрычнай лякарні на працягу двух тыдняў летам 2023 году, але пасьля яго вызвалілі.
- Падазраванага ў нападзе шукалі тры дні.