Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 61 год таму скончыўся Карыбскі крызіс, дзень пакараньня сьмерцю Расьціслава Лапіцкага

У Смаргонскім судзе: Расьціслаў Лапіцкі. Карціна Алеся Пушкіна. 2012 год
У Смаргонскім судзе: Расьціслаў Лапіцкі. Карціна Алеся Пушкіна. 2012 год

Падзеі 28 кастрычніка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

28 кастрычніка 1950 году быў расстраляны Расьціслаў Лапіцкі, адзін з кіраўнікоў паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Расьціслаў Лапіцкі
Расьціслаў Лапіцкі

Гэты дзень у гісторыі

1523 — у Кракаве выйшла з друку лацінская паэма Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра» — хрэстаматыйны твор беларускай літаратуры Сярэднявечча.

1886 — адбылося афіцыйнае адкрыцьцё статуі Свабоды ў Нью-Ёрку.

Статуя Свабоды, Нью-Ёрк
Статуя Свабоды, Нью-Ёрк

1892 — у музэі Грэвэн Эміль Рэно прадставіў «пантамімы, якія сьвецяцца»; да юбілею гэтай падзеі быў заснаваны Міжнародны дзень анімацыі.

1918 — абвяшчэньне незалежнасьці Чэхаславаччыны.

1939 — у Беластоку пачаў працу Народны Сход Заходняй Беларусі, які прыняў Дэклярацыю аб уключэньні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Папярэднічалі сходу выбары, на якіх былі абраныя 926 дэпутатаў. Народны сход меў фармальны характар, бо праводзіўся пад поўным кантролем уладаў.

1939 — войскі Літоўскай Рэспублікі на падставе ранейшай дамовы з Масквою занялі Вільню.

1942 — нацысты зьнішчылі гета ў Пінску.

1962 — савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў абвясьціў пра вывад савецкіх ядзерных ракетаў з Кубы. Карыбскі ракетны крызіс перад гэтым паставіў быў сьвет на мяжу ядзернай вайны.

Зьлева — Мікіта Хрушчоў, справа — Джон Кенэдзі. Карыкатура часоў Карыбскага крызісу брытанскага мастака Лэсьлі Гілбэрта Ілінгворта
Зьлева — Мікіта Хрушчоў, справа — Джон Кенэдзі. Карыкатура часоў Карыбскага крызісу брытанскага мастака Лэсьлі Гілбэрта Ілінгворта

2017 — у Менску ўпершыню адзначылі «Ноч расстраляных паэтаў».

У гэты дзень нарадзіліся

1740 — Тадэвуш Рэйтан, пасол ад Наваградзкага ваяводзтва на Сойме Рэчы Паспалітай.

Пасол Наваградзкага павету Тадэвуш Рэйтан намагаецца сарваць сойм і не дапусьціць падзелу Рэчы Паспалітай. Карціна Яна Матэйкі.
Пасол Наваградзкага павету Тадэвуш Рэйтан намагаецца сарваць сойм і не дапусьціць падзелу Рэчы Паспалітай. Карціна Яна Матэйкі.

1845 — Зыгмунт Урублеўскі, навуковец-фізык, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў.

1884 — Флярыян Ждановіч, актор, рэжысэр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў прафэсійнага беларускага тэатру. Быў мастацкім кіраўніком Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі. У 1930-м яго арыштавалі й асудзілі на тры гады катаргі, якую ён адбываў на Беламорканале. У 1938-м Ждановіча арыштавалі зноў. На тым ягоная біяграфія абарвалася.

1904 — Іван Сацункевіч, беларускі дзяржаўны дзеяч, эканаміст, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падпольля і партызанскага руху на Меншчыне падчас Другой сусьветнай вайны.

1904 — Парфён Савіцкі, беларускі гісторык.

1955 — Біл Гейтс, заснавальнік кампутарнай кампаніі Microsoft.

Біл Гейтс
Біл Гейтс

1972 — Аляксандар Старыкевіч, беларускі публіцыст, грамадзкі дзеяч, арганізатар Усебеларускага Зьезду за Незалежнасьць.

1990 - Эдуард Пальчыс, блогер, грамадзкі дзеяч, палітвязень.

У памяці

1704 — Джон Лок, ангельскі філёзаф.

Джон Лок
Джон Лок

1998 — Тэд Х’юз, ангельскі паэт.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG