Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не маглі карыстацца карткамі, тэлефонамі, аўта, часам нават сваімі імёнамі». Гісторыя падпольнага жыцьця Нагорнай і Случака. ВІДЭА


Аліна Нагорная і Ігар Случак з сынамі Тадэвушам і Стэфанам у Вільні, Літва. 25 кастрычніка 2023 году
Аліна Нагорная і Ігар Случак з сынамі Тадэвушам і Стэфанам у Вільні, Літва. 25 кастрычніка 2023 году

Больш за два гады ў падпольным становішчы. «Я думала, як ня трапіць з радзільні ў турму», — кажа Аліна.

Моўныя актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак выехалі зь Беларусі ў Вільню. Больш за два гады яны хаваліся ад сілавікоў, зьмянілі каля дзясятка кватэр і дамоў, не карысталіся банкаўскімі карткамі і мабільнікамі. Свабода пагаварыла з Алінай і Ігарам. Поўную вэрсію гутаркі глядзіце ў нашым відэа.

«Кожны дзень вымагаў шмат энэргіі»

«Хацелася заставацца ў Беларусі і бачыць вынікі таго, што ты робіш. Адчуваць імпульсы таго, што адбываецца ў краіне. Калі ты за мяжой, то ня бачыш так востра праблемы і тое, што ты хочаш зьмяніць», — кажа Ігар Случак.

Аліна Нагорная дадае, што матывацыя заставацца ў Беларусі была да апошняга, але банальна скончыліся сілы.

«Так, як мы жылі, гэта вельмі складана. Мы хаваліся, нас шукалі ўвесь гэты час. Гэта было рызыкоўна. Звычайны чалавек, калі хоча пайсьці ў лякарню, то проста тэлефануе і запісваецца, а мы так не маглі зрабіць, бо нас шукалі. Каб схадзіць у лякарню, нам трэба было праходзіць квэст. Гэта і дорага, і складана. Кожны дзень вымагаў шмат энэргіі ад нас, мы стаміліся».

Аліна расказвае, што за гэты тэрмін у яе моцна пагоршылася здароўе. Размовы аб тым, каб выехаць, заходзілі пэрыядычна, але пара лічыла, што некаторыя рэчы магчыма рабіць толькі з самой Беларусі. Канчатковае рашэньне было прынятае толькі пасьля таго, як сацсеткі актывістаў улады прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Аліна Нагорная з сынам Тадэвушам
Аліна Нагорная з сынам Тадэвушам

«Людзей у Беларусі масава вэрбуюць»

Случак і Нагорная жылі ў вёсцы Перасека Рагачоўскага раёну. Там яны купілі дом, зрабілі там рамонт, але ў пачатку лета 2021 году пасьля шматлікіх прыходаў сілавікоў вымушаныя былі адтуль выехаць.

«Тымі ці іншымі шляхамі знаходзілі дом ці кватэру, бралі рэчы, якія маглі, ката, дзяцей і ехалі. Так мы памянялі каля дзесяці адрасоў. Стэфан (старэйшы сын Нагорнай і Случака. — РС) пачаў езьдзіць, калі яму было 8 месяцаў. Мы часам наведвалі свой дом. Мы, нібыта зладзеі, прыяжджалі туды ўначы, за паўгадзіны-гадзіну зьбіралі свае рэчы. Я быў зайшоў у пакой і ўбачыў надзіманы балёнік у гонар 8 месяцаў Стэфану, было вельмі сумна», — расказвае Ігар Случак.

Ігар Случак
Ігар Случак

Аліна дадае, што спачатку сужэнцы не адчувалі вялікай пагрозы ад прыходаў сілавікоў. Часам гэта выглядала нават сьмешна, калі машына міліцыянта захрасла ў сьнезе, а ніхто зь вяскоўцаў не пагадзіўся яму дапамагаць. Тады пасярод ночы ў вёску прыехалі камунальнікі і пачалі чысьціць дарогу. Аднойчы, калі Ігар і Аліна езьдзілі ў горад у закупы, да іх дадому зноў прыйшлі міліцыянты, хадзілі па падворку. Менавіта ў той вечар пара прыняла рашэньне пакінуць свой дом.

«Мы не маглі карыстацца нічым, што належыць нам: банкаўскімі карткамі і карткамі зьніжак, тэлефонамі, машынай. Часам нават мы не маглі карыстацца сваімі імёнамі, як у лякарнях. Мы не камунікавалі з многімі людзьмі, зь якімі хацелі, бо гэта нашы відавочныя кантакты. Не наведвалі месцаў, якія хацелі наведваць. Людзі, якія нешта робяць, пад вялізнай рызыкай у Беларусі. Многія паведамлялі нам прыватна, што іх завэрбавалі. Гэта цяпер масава робіцца ў Беларусі. Кола кантактаў было абмежаванае», — кажа Аліна Нагорная.

«Цягнікамі і мэтро мы не карысталіся некалькі гадоў»

Сапраўдным выпрабаваньнем для Аліны і Ігара стала нараджэньне другога дзіцяці. На той момант пара ўжо хавалася, ніяк не афішавала месца свайго знаходжаньня.

«Я да апошняга ня ведала, як тэхнічна арганізаваць роды. Мы шукалі лекараў, якія маглі б нам дапамагчы. Знайшоўся такі, я ўжо еду дамаўляцца да яго. І ў апошні момант лекар кажа, што не, я адмаўляюся, вас могуць пазнаць, вы можаце з кімсьці пачаць размаўляць па-беларуску. Мы ня ведалі, што рабіць. Думалі нараджаць дома нават. Усе варыянты былі кепскімі. Думалі выехаць з краіны, але гэта ўжо было позна, я была на апошнім месяцы цяжарнасьці. У выніку нарадзіла легальна, але гэта было нэрвова. Я да апошняга пераймалася, што нешта можа пайсьці ня так. Гэта было эмацыйна цяжка. Калі я нараджала Стэфана, то я думала пра сябе і дзіця. А з другім дзіцем я думала, як бы мне выйсьці з радзільні не ў турму», — кажа Аліна.

За апошнія два гады сужэнцы навучыліся не пакідаць ніякіх сьлядоў пасьля сябе — ні фізычных, ні электронных, вывучылі тыпы камэраў, якія ёсьць у Беларусі. Паездкі ў Менск, як кажуць актывісты, пераўтваралася ў сапраўднае «шпіёнскае кіно».

«Ні цягнікамі, ні мэтро мы не карысталіся некалькі гадоў. Самыя бясьпечныя шляхі — гэта нагамі. Неяк захварэў Стэфан, а мы жылі ў вёсцы за горадам. У горадзе была кругласуткавая аптэка. Я пайшоў пешшу празь лес, поле па лекі. Нібыта ў Сярэднявеччы, нібыта і не было 500 апошніх гадоў», — кажа Ігар.

У Аліны вельмі дзіўнае пачуцьцё выклікала тое, што яна можа размаўляць у Вільні праз звычайны тэлефон, зь «сімкай», і нічога не баяцца.

«Гэта было нешта нерэальнае», — кажа яна.

Ігар Случак і Аліна Нагорная сынам Тадэвушам
Ігар Случак і Аліна Нагорная сынам Тадэвушам

«Цяжка чытаць, што ў Беларусі нічога немагчыма»

Па словах Ігара, кола зносінаў у іх увесь час звужалася, бо хтосьці выяжджаў, кагосьці затрымлівалі. Затрымалі сябра сям’і, які забіраў Аліну з радзільні, цяпер ён пад сьледзтвам.

«Нават пры супэрзахадах бясьпекі ты не застрахаваны ад выпадковай сытуацыі, якая ўсё зруйнуе, і цябе знойдуць», — кажа Аліна. «Кожны дзень быў нібыта апошні», — дадае Ігар.

Пры гэтым Нагорная і Случак працягвалі актыўнасьць. Пісалі звароты ў кампаніі дзеля беларусізацыі таго ці іншага прадукту. Перад самым выездам ім удалося беларусізаваць аднаго вытворцу дзіцячага харчаваньня. Кожны зь іх напісаў за гэты час па кнізе, якія атрымалася выдаць у Беларусі.

«Людзі заляглі на дно, жывуць сваім жыцьцём. Калі нешта пачне зьмяняцца, то яны зноў усплывуць. Рэпрэсіі не працуюць, яны мучаюць канкрэтнага чалавека толькі, але нічога моцна не зьмяняецца. Людзі не мяняюцца. Колькі б яны не справаздачыліся аб затрыманьнях, гэта сытуацыю ў Беларусі не мяняе», — упэўнены Случак.

Ігар Случак з сынам Стэфанам
Ігар Случак з сынам Стэфанам

Нагорная дадае, што за апошні час стала прыкметна меней людзей, якія жывуць паводле прынцыпу «мая хата з краю». Таксама яна кажа, што пры ўсіх рэпрэсіях культурнае жыцьцё ўнутры Беларусі існуе.

«Цяжка чытаць, калі ты ўнутры краіны рызыкуеш сваім здароўем, жыцьцём, можаш не пабачыць сваіх дзяцей, што ў Беларусі нічога немагчыма рабіць, што няма актывістаў, праваабаронцаў, не выдаюць кніг. Так ня варта пісаць. Гэта ўсё ёсьць у Беларусі. Яно прарастае, нічога не закачана ў асфальт. Проста ніхто ня робіць цяпер сэлфі са сьцягам. Калі ты ў Беларусі, то пішаш гэта не адкрыта, а завуалявана. Часам крыўдна, што не заўважаюць таго, што робіцца ўнутры краіны. Мы хацелі, каб пра нас пісалі. Адна прарасейская актывістка калі нешта скажа, то ўсе напішуць, а пра нашы звароты — нічога. Трэба разумець, што кожны наш пост быў, як праца сапэра», — завяршае аповед Аліна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG