Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Сахашчык: «Чалавек, які штодня рызыкуе жыцьцём, пачынае спэцыфічна ставіцца да ўсіх, хто не змагаецца зь ім поплеч»


Валер Сахашчык
Валер Сахашчык

Вайсковец і палітык расказаў, чаму складана гаварыць пра каардынацыю паміж беларускімі добраахвотнікамі ва Ўкраіне.

Сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі Валер Сахашчык у інтэрвію ўкраінскаму агенцтву «Укрінформ» расказаў пра інтарэс беларускіх і расейскіх спэцслужбаў да дзейнасьці палітычнай сілы.

«Я ведаю, што ў КДБ Беларусі створаны асобны аддзел, які намі займаецца. Асноўная задача — унесьці разлад, пасварыць, дыскрэдытаваць, падарваць рэпутацыю. Я адчуваў гэта шмат разоў. У мой адрас была велізарная колькасьць розных абвінавачаньняў. Многія іншыя людзі адчуваюць падобныя прыступы. Тое, што сёньня няма адзінства ў дэмакратычным руху Беларусі, таксама шмат у чым вынік працы беларускіх спэцслужбаў...»

Таксама Сахашчык наракае на звады паміж удзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху.

«Мне як беларусу вельмі шкада, што мы тут высьвятляем адносіны, абвінавачваем адзін аднаго. Мне здаецца, што з гэтым усім можна разабрацца потым. А пакуль трэба аб’яднаць патэнцыял усіх і ўзгоднена, зладжана рухацца наперад. Я думаю, што бяз гэтага ў нас нічога не атрымаецца».

Адказаў Валер Сахашчык і на пытаньне пра каардынацыю добраахвотнікаў. Паколькі цяпер ва Ўкраіне ваююць некалькі розных беларускіх добраахвотніцкіх атрадаў, журналістаў зацікавіла, наколькі эфэктыўная каардынацыя паміж імі і ці можна яе апісаць.

«Гэта цяжка. Беларускія падразьдзелы маюць пэўныя адрозьненьні ў накіраванасьці, у задачах, якія ставяць перад сабой. Акрамя таго, трэба разумець, што людзі ваююць. І вайна накладае адбітак на паводзіны, людзі становяцца больш загартаванымі. Чалавек, які кожны дзень рызыкуе жыцьцём і здароўем, пачынае неяк спэцыфічна ставіцца да ўсіх, хто зь ім не змагаецца поплеч. Потым гучаць заклікі валянтэраў да палітыкаў: калі ты такі разумны, то прыходзь, бяры аўтамат і змагайся побач са мной.

Наколькі абгрунтаваныя гэтыя звароты, ацэньваць не бяруся. Але ёсьць і такое. Такім чынам, сёньня аб’яднацца ня вельмі проста. Аднак я чакаю, што гэтае пытаньне часу. І калі неяк зьменіцца агульная сытуацыя, усе нашы людзі, якія цяпер ваююць ва Ўкраіне, будуць каардынаваць свае дзеяньні».

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі — калектыўны выканаўчы орган дэмакратычных сіл Беларусі, створаны 9 жніўня 2022 году Сьвятланай Ціханоўскай. У кабінэт, які займаецца дзейнасьцю ў эміграцыі з цэнтральным офісам у Вільні (Літва), уваходзяць прадстаўнікі дэмакратычнага руху, бізнэсу і сілавога блёку Беларусі, якія прызнаюць Ціханоўскую нацыянальнай лідэркай.

Валер Сахашчык, акрамя дзейнасьці ў Аб’яднаным кабінэце, удзельнічае ў баявых апэрацыях на баку Ўкраіны. Ён уваходзіць у 1-ю асобную дэсантна-штурмавую роту. Яна ўваходзіць у склад 79-й дэсантна-штурмавой брыгады ўкраінскай арміі, якая ваюе ад часу баёў за данецкі аэрапорт у 2014 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG