Віцебскі абласны суд адмяніў рашэньне суда Верхнядзьвінскага раёну, які пастанавіў канфіскаваць тэлефон як «сродак злачынства» ў віцябляніна, якога ў жніўні затрымалі і судзілі за выяву бел-чырвона-белага сьцяга ў Фэйсбуку, паведамляе партал «Зеркало».
«Забароненую» сымболіку ў профілі мужчыны ў Facebook знайшоў участковы зь Верхнядзьвінску. Ён склаў рапарт аб «выяўленьні правапарушэньня пры аглядзе пэрсанальнай старонкі», у мясцовым РАУС аформілі пратакол аб незаконным пікетаваньні і перадалі яго ў суд Верхнядзьвінскага раёну.
На аватарцы ў мужчыны стаяла яго сямейнае фота з жонкай і дзіцем, да якога была ўжытая рамка са сьцягам Украіны і бел-чырвона-белым сьцягам. Мужчына на судзе прызнаў, што разьмяшчаў такое фота, але падкрэсьліў, што ня меў пры гэтым мэты пікетаваць. Суд з гэтым не пагадзіўся і прызнаў працяглае разьмяшчэньне фота ў стужцы профілю «масавым мерапрыемствам», якое той праводзіў «без дазволу мясцовага выканкаму».
У выніку мужчыну 22 жніўня прысудзілі 10 дзён адміністратыўнага арышту. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць тэлефон як сродак учыненьня адміністрацыйнага правапарушэньня.
Віцяблянін не абскардзіў рашэньне суду, страціў свой Xiaomi Redmi Note 10 Lite і адбыў арышт. Але ў сярэдзіне кастрычніка справа трапіла на стол да намесьніка старшыні Віцебскага абласнога суду. Чаму — невядома: у матэрыялах не пазначана, што нехта падаваў скаргу ці пратэст. Магчыма, абласны суд проста пераправяраў рашэньні судоў ніжэйшага ўзроўню.
«Вывучыўшы матэрыялы справы, прыходжу да высновы, што пастанова судзьдзі падлягае зьмене», — гаворыцца ў пастанове намесьніка старшыні абласнога суду.
Абласны суд пастанавіў, што суд Верхнядзьвінскага раёну дапусьціў грубую памылку: прызначаць пакараньне паводле Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях можна толькі ў межах санкцыі артыкула, а артыкул 24.23 КаАП не прадугледжвае канфіскацыі сродку ўчыненьня правапарушэньня. Гэта значыць, тэлефон у віцябляніна Л. канфіскавалі незаконна.
Намесьнік старшыні абласнога суду пастанавіў зьмяніць першапачатковае рашэньне, выкрасьліўшы зь яго канфіскацыю, і вярнуць тэлефон Xiaomi Redmi Note 10 Lite уладальніку. Калі ж вярнуць немагчыма, яму павінны кампэнсаваць кошт тэлефона са сродкаў Дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці кіраўніцтва спраў Лукашэнкі.