Аб прычынах адстаўкі не паведамляецца. Таксама не сказана, хто стане новым міністрам.
Лі Шанфу не зьяўляўся на публіцы з канца жніўня. Незадоўга да свайго зьнікненьня з публічнай прасторы ён наведваў Расею і Беларусь. Заходнія СМІ са спасылкай на свае крыніцы пісалі, што міністар трапіў у няласку і быў адхілены ад пасады. Паведамлялася, што супраць яго вядзецца расьсьледаваньне па падазрэньнях у карупцыі. Афіцыйны Пэкін гэтага не пацьвярджаў і не адмаўляў.
South China Morning Post адзначае, што Лі стаў другім высокапастаўленым чальцом ураду КНР, звольненым пры падобных абставінах. Раней было абвешчана пра адстаўку міністра замежных спраў Цінь Гана, прычым той спачатку таксама перастаў зьяўляцца на публіцы, і толькі празь месяц адстаўку афіцыйна пацьвердзілі. Яго месца заняў высокапастаўлены дзеяч кампартыі Ван І. У аўторак кітайскія СМІ паведамілі, што Цінь Ган быў зьняты з пасады члена Дзяржсавету разам зь Лі Шанфу.
Няясна, ці могуць адстаўкі ключавых міністраў быць сьведчаньнем нейкай зьмены зьнешняй і абароннай палітыкі Кітаю. Уся паўната ўлады цяпер засяроджаная ў руках старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін на днях наведваў Кітай зь першым візытам ад пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.
Лі Шанфу знаходзіўся ў санкцыйным сьпісе ЗША, што рэдкасьць для кітайскага чыноўніка такога ўзроўню.
Газэта «Жэньмінь жыбао» ў аўторак паведаміла, што ў чацьвер міністар замежных спраў Кітаю Ван І прыедзе зь візытам у ЗША.
- У сярэдзіне жніўня 2023 году Лі Шанфу наведваў Менск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. «Асноўныя ідэі цяперашняга і будучага пэрспэктыўнага сьветапарадку Кітайскай Народнай Рэспублікі і Беларусі супадаюць цалкам. Мы гэта з вамі дэманстравалі цягам трох дзясяткаў гадоў», — працытаваў тэлеграм-канал «Пул первого» словы Лукашэнкі зь ягонай сустрэчы зь міністрам абароны Кітаю. Таксама Лукашэнка падзякаваў Кітаю за «падтрымку ў сфэры вайскова-тэхнічнай і вайсковай супрацы».
- Пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Лі Шанфу было заяўлена, што Беларусь і Кітай у 2024 годзе правядуць супольныя вайсковыя вучэньні і трэнаваньні.