Падчас сустрэчы Шыманіце заявіла, што патрабаваньне да рэжыму ў Беларусі застаецца нязьменным: вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных вязьняў, правесьці свабодныя выбары. Паводле прэм’еркі, Літва будзе працягваць падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, з аднаго боку, а з другога — працягваць пашырэньне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі за саўдзел у вайне супраць Украіны і рэпрэсіі супраць беларусаў.
Таксама ў паведамленьні гаворыцца, што Сьвятлана Ціханоўская і Інгрыда Шыманіце абмеркавалі недапушчальнасьць зьмякчэньня санкцыяў супраць калійных угнаеньняў і іншых дзяржаўных прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэпрэсіўны рэжым дыктатара Лукашэнкі.
Лідэркі абмеркавалі зьмякчэньне ўмоваў легалізацыі для беларусаў у Літве, працяг тэрміну дзеяньня дазволаў на жыхарства да трох гадоў і пашырэньне практыкі выдачы пашпартоў замежніка.
Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Інгрыдзе Шыманіце за неўраўнаньне абмежаваньняў супраць беларусаў і расейцаў, а таксама за рашэньне не закрываць межы для беларусаў. Ціханоўская падкрэсьліла важнасьць захаваньня пасажырскага руху, пры гэтым адзначыла важнасьць закрыцьця шчылінаў у санкцыйным рэжыме і абмежаваньня транзыту падсанкцыйных тавараў.
Паводле прэсавай службы Сьвятланы Ціханоўскай, дэмакратычная лідэрка Беларусі папрасіла кіраўніцу ўраду Літвы падтрымаць Скарынаўскую гімназію і беларускія ініцыятывы ў Літве. Таксама Ціханоўская расказала пра падрыхтоўку выбараў у Каардынацыйную раду ў 2024 годзе і кампанію прасоўваньня эўрапейскага выбару сярод беларусаў.
Напярэдадні Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен. Сустрэча адбылася ў нямецкім Браўншвайгу падчас Дня Нямеччыны, які арганізоўвае нямецкі Саюз моладзі.
Сьвятлана Ціханоўская падзякавала кіраўніцы Эўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен за падтрымку і заклікала далей падтрымліваць эўрапейскую будучыню для Беларусі. У сваю чаргу, фон дэр Ляен выказала салідарнасьць зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і заявіла:
«Мы будзем стаяць на вашым баку столькі, колькі вы будзеце весьці барацьбу за свабоду Беларусі».