21 кастрычніка дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Раней на сайце Гарадоцкага райвыканкаму праводзілі абмеркаваньне магчымай назвы сквэру. Удзельнікі маглі або прапанаваць уласную назву, або падтрымаць адзін з варыянтаў, прапанаваных мясцовымі ўладамі: «Літаратурны сквэр», «Літаратурная альтанка», «Ля Парнаса», «Вераніцынскі парк», «Парк ХХХ Дня беларускага пісьменства». У выніку большасьць (53%) прагаласавала за назву Вераніцынскі сквэр.
Аўтар сатырычнай паэмы «Тарас на Парнасе», помніка беларускай літаратуры ХІХ ст., Канстанцін Вераніцын нарадзіўся ў 1834 годзе ў вёсцы Астраўляны Віцебскага павета (цяпер гэта Гарадоцкі раён).
У сквэры з году ў год праходзяць «Вераніцынскія чытаньні», у якіх удзельнічаюць знакамітыя пісьменьнікі і паэты, піша выданьне «Віцьбічы». Тут ж усталяваная скульптура героя паэмы «Тарас на Парнасе» — палясоўшчыка Тараса. Яе ўсталявалі ў райцэнтры падчас «Дажынак» у 2014 годзе.
Праўда, не абышлося без прыгодаў: «Помнік Тарасу» спачатку прастаяў усяго два месяцы, а потым зьнік са свайго месца. Як высьветлілася, мясцовыя ўлады не разьлічыліся за працу ні з аўтарамі (віцебскімі скульптарамі Іванам Казаком і Сяргеем Сотнікавым), ні з вытворцам (ААТ «Ліцейны двор»). Мастацкі твор зноў апынуўся на складзе прадпрыемства, бо райвыканкам палічыў кошты на яго завышанымі. Пытаньне вырашылася дзякуючы спонсару — расейскаму прадпрымальніку, расказвае «Наша Ніва».