Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава да 100-годзьдзя літаб’яднаньня «Маладняк»


Стваральнікі літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк»: Язэп Пушча, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч. Архіўнае фота
Стваральнікі літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк»: Язэп Пушча, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч. Архіўнае фота

Літаратуранае аб’яднаньне «Маладняк» існавала ў 1923-1928 гадах.

Тэматычная выстава «„Маладняк“ — старонка гісторыі беларускай літаратуры», прымеркаваная да 100-годзьдзя з часу ўтварэньня першага літаратурнага аб’яднаньня пісьменьніцкай моладзі, праходзіць з 18 кастрычніка па 3 сьнежня ў зале беларускай літаратуры Нацыянальанй бібліятэкі Беларусі, у памяшканьні 205.

Як паведамляе Нацыянальная бібліятэка, экспазыцыя знаёміць з шырокім колам як асобных выданьняў твораў маладнякоўцаў 20-х — 30-х гадоў, так і зь іх часопіснымі публікацыямі. Аб дзейнасьці арганізацыі, жыцьцёвым і творчым лёсе яе ўдзельнікаў расказваюць матэрыялы разьдзела «„Маладняк“ у беларускім літаратуразнаўстве: учора і сёньня».

Літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк». Сядзяць: Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча. Стаяць: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. 1924 — 1925
Літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк». Сядзяць: Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча. Стаяць: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. 1924 — 1925

Што такое «Маладняк»

Літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк» стварылі ў 1923 годзе пры аднайменным часопісе, які выдаваўся ў Менску. Заснавальнікамі сталі пісьменьнікі М. Чарот, А. Дудар, А. Александровіч, А. Бабарэка, Я. Пушча, А. Вольны, зь якіх на той час толькі Міхась Чарот меў выдадзеныя творы — паэму «Босыя на вогнішчы» і зборнік вершаў «Завіруха».

З другой хваляй да згуртаваньня далучыліся П. Трус, А. Якімовіч, Я. Падабед, Я. Пфляўмбаўм, Н. Чарнушэвіч, К. Чорны і інш. Зьявіліся філіялы «Маладняка» ў Віцебску, Полацку, Магілёве, Оршы, Бабруйску, таксама за межамі Беларусі — у Маскве, Рызе, Ленінградзе, Празе. Праект прайшоў складаны, часам супярэчлівы шлях: ад літгуртка з шасьці чалавек да Ўсебеларускага аб’яднаньня паэтаў і пісьменьнікаў «Маладняк», якое ў 1925 годзе налічвала больш за 300 чалавек.

З цягам часу ў аб’яднаньні высьпеў крызіс, вынікам якога стаў расклад арганізацыі і выхад з яе складу ў траўні 1926 многіх сяброў (Чорны, Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, Лужанін і інш.) а на мяжы 1927–1928 гадоў – і асноўнага кіроўнага ядра (Чарот, Зарэцкі, Вольны, Дудар, Сташэўскі). У 1928 годзе аб’яднаньне рэарганізавалі ў Беларускую асацыяцыя пралетарскіх пісьменьнікаў.

Нацыянальная бібліятэка стварыла раней віртуальны праект «На хвалі часу, у плыні жыцьця», празь які можна глыбей пазнаёміцца з літаратурным аб’яднаньнем «Маладняк», гісторыяй яго стварэньня і дзейнасьці, унікальнымі фотаздымкамі маладнякоўцаў, іх выданьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG