Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасажыраў з такімі пашпартамі ня возім». Беларуса не ўзялі на аўтобус з Украіны ў Польшчу


Ілюстрацыйнае фота. Аўтобус кампаніі
Ілюстрацыйнае фота. Аўтобус кампаніі

Беларус Аляксандар (імя зьмененае) жыве ва Ўкраіне з 2021 году і мае там сталы дазвол на жыхарства. У кастрычніку Аляксандар вырашыў зьезьдзіць у Польшчу — там ён таксама атрымаў часовы дазвол на жыхарства і зьбіраўся забраць дакумэнт, але трапіць у Польшчу атрымалася толькі з другой спробы. Сваю гісторыю беларус расказаў выданьню MOST.

Як расказаў Аляксандар, квіток на аўтобус з Кіева ён набыў онлайн на сайце транспартнай кампаніі Ecolines (міжнародныя рэйсы з Украіны пад гэтым брэндам выконвае кампанія «Трэйдынг-Аўталюкс»). Пры куплі квітка трэба было ўказаць толькі імя і прозьвішча; нумар пашпарта або дазволу на жыхарства сыстэма не запытвала.

Паводле Аляксандра, калі ён прыехаў да аўтобуса, кіроўцы запыталі на праверку пашпарт. Убачылі, што ён беларускі, і сказалі:

«О, беларускі пашпарт! Нічога асабістага, але мы табе дапамагчы ня зможам: беларусаў ня возім», — распавёў мужчына.

Адзін з кіроўцаў напісаў кіраўніцтву, але празь некалькі хвілінаў пацьвердзіў, што яны ня возяць беларусаў ужо цягам паўтара года і што гэта палітыка кампаніі.

Аляксандар зьвярнуўся ў касу вакзала, каб вярнуць квіток. Яму прапанавалі пакінуць квіток з адкрытай датай або напісаць на электронную пошту Ecolines з просьбай вярнуць грошы, прыклаўшы доказы таго, што ён ня змог зьехаць па віне кампаніі. Мужчына абраў апошні варыянт. У выніку ў кампаніі яму адказалі, што грошы вернуць ва ўстаноўленыя тэрміны, але просьбу даць афіцыйны адказ з тлумачэньнямі, чаму яго як беларуса, які жыве ва Ўкраіне на падставе ДНЖ, не пасадзілі ў аўтобус, праігнаравалі.

У Варшаву Аляксандар усё ж трапіў. Ён набыў квіток на аўтобус Punbus. Спачатку, калі кіроўцы ўбачылі беларускі пашпарт, дык, паводле Аляксандра, пачалі абурацца, што зь беларусам давядзецца доўга стаяць на мяжы, а потым зьвязаліся з кіраўніцтвам. У выніку Аляксандра папрасілі даслаць фота ягоных дакумэнтаў і ў асабістай тэлефоннай размове зь ім спыталі, на якой падставе ён знаходзіцца ва Ўкраіне і на якой падставе едзе ў Польшчу. Пасьля гэтага яго пусьцілі ў аўтобус.

Памежны кантроль Аляксандар прайшоў хутка і без праблем.

Журналістка MOST патэлефанавала ва ўкраінскі офіс кампаніі Ecolines як пасажырка і спытала, ці можа зь беларускім пашпартам зьездзіць з Варшавы ў Кіеў, а потым вярнуцца з Кіева ў Варшаву. Прадстаўнік кампаніі папрасіла пачакаць, а праз пару хвілін сказала:

«Вам лепш зьвярнуцца да іншага перавозчыка. Пасажыраў з такімі пашпартамі мы ня возім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG