Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Словы вельмі значныя». Дональд Туск у выступе па выніках выбараў у Польшчы працытаваў беларускага экс-дыплямата Сьлюнькіна


Дональд Туск
Дональд Туск

Лідэр польскай памяркоўна-лібэральнай партыі «Грамадзянская кааліцыя» Дональд Туск у сваім звароце па выніках парлямэнцкіх выбараў у краіне працытаваў словы экспэрта Эўрапейскай рады ў міжнародных адносінах, былога беларускага дыплямата Паўла Слюнькіна, заўважыла «Наша Ніва».

Павал Сьлюнькін 16 кастрычніка, на наступны дзень пасьля парлямэнцкіх выбараў у Польшчы, напісаў у Твітэры:

«Мне 34 гады, я беларус, жыву ў выгнаньні ў Польшчы.

Упершыню ў сваім жыцьці я ўбачу мірную перадачу ўлады. Да апазыцыі. Пасьля дэмакратычных выбараў. Пры яўцы 73% выбарнікаў.

Маё пасланьне вам — шануйце і абараняйце сваю дэмакратыю. Вы нават уявіць сабе ня можаце, які цуд вы маеце».

Допіс сабраў ужо 4,2 мільёна праглядаў і 13,7 тысячы рэпостаў.

Да словаў Паўла Сьлюнькіна ў сваім выступе зьвярнуўся Дональд Туск:

«Малады беларус, які знаходзіцца ў эміграцыі тут, у Польшчы, ён уцёк ад Лукашэнкі, напісаў сёньня да нас, да палякаў такія словы, каб мы цанілі гэта, каб дбалі, як толькі можам, пра дэмакратыю. Як напісаў, першы раз у жыцьці пабачыў нешта такое, такая ягоная развага, што магчымая мірная перадача ўлады, што апазыцыя прымае ўладу. Гэта ўсё словы вельмі, вельмі значныя», — адзначыў Дональд Туск.

У сваім выступе Дональд Туск падзякаваў палякам за актыўную грамадзянскую пазыцыю і ўдзел у выбарах, нягледзячы на чэргі, а таксама зьвярнуўся да прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды, каб той як мага хутчэй прыняў адпаведныя рашэньні і ініцыяваў працэс стварэньня новага ўраду пад кіраўніцтвам апазыцыі.

Па выніках падліку галасоў на парлямэнцкіх выбарах у Польшчы

  • Партыя «Права і справядлівасьць» (ПіС), якая знаходзіцца ва ўладзе з 2015 году і да якой належаў і прэзыдэнт Анджэй Дуда, атрымала 35,38%,
  • «Грамадзянская кааліцыя» на чале з колішнім прэм’ерам Польшчы і эўрадэпутатам Дональдам Тускам — 30,70%,
  • Кааліцыя «Трэці шлях» — аб’яднаньне «Польшчы 2050» экс-кандыдата ў прэзыдэнты Шымана Галоўні і Польскай народнай партыі — 14,40% (экзыт-пол — 13% ), аб’яднаньне левых сілаў «Новая Лявіца» — 8,61% (экзыт-пол — 8,6% ).
  • правая партыя «Канфэдэрацыя Свабода і Незалежнасьць», якая стаіць на пазыцыях эўраскептыкаў, — 7,16% (экзыт-пол — 6,2%).

Такія вынікі выбараў могуць прывесьці як да кааліцыі, у якой будзе весьці рэй цяперашняя ўрадавая партыя, гэтак і да стварэньня кааліцыйнага ўраду апазыцыйных партыяў. І кіраўнік «Права і справядлівасьці» Яраслаў Качынскі, і лідэр «Грамадзянскай кааліцыі» Дональд Туск ужо заявілі, што задаволеныя вынікамі выбараў і гатовыя сфармаваць урад з кааліцыйнымі партнэрамі.

Калі апазыцыйныя партыі «Грамадзянская кааліцыя», «Трэці шлях» і «Левыя» вырашаць аб’яднацца, гэта дазволіць ім сфармаваць кіроўную ўрадавую кааліцыю. Пачатак фармаваньню ўраду павінен пакласьці прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прадставіўшы кандыдата на пасаду прэмʼер-міністра.

Паводле СМІ, Дуда пасьля выбараў заявіў, што новы ўрад павінна фармаваць партыя, якая лідзіруе на выбарах — то бок «Права і справядлівасьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG