Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ЦВК падзякаваў унутраным войскам за «рашучыя дзеяньні» на выбарах


 Ігар Карпенка, архіўнае фота
Ігар Карпенка, архіўнае фота

Паводле кіраўніка ЦВК Беларусі Ігара Карпенкі, менавіта падчас «правядзеньня выбараў апанэнты могуць падарваць стабільнасьць у дзяржаве».

«Я ўдзячны асабістаму складу ўнутраных войскаў за рашучыя дзеяньні па забесьпячэньні грамадзкага парадку ў пэрыяд правядзеньня выбарчых кампаній», — заявіў кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка 17 кастрычніка на сустрэчы з афіцэрамі галоўнага ўпраўленьня камандуючага ўнутранымі войскамі і вайскоўцамі часьцей Менскага гарнізону.

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале Ўнутраных войскаў, кіраўнік ЦВК «на прыкладах суседніх краін» патлумачыў, якія фактары могуць паўплываць на правядзеньне выбараў, «бо менавіта падчас гэтай працэдуры апанэнты могуць падарваць стабільнасьць у дзяржаве».

«Галоўная задача праваахоўных органаў і ўсіх арганізатараў выбараў — ня даць паралізаваць работу выбарчых участкаў, забясьпечыць грамадзкі парадак і не дапусьціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў цэлым», — заявіў Карпенка.

У сакавіку гэтага году, зьвяртаючыся да ўнутраных войскаў МУС з нагоды 105-годзьдзя іх стварэньня, Аляксандар Лукашэнка назваў іх «гарантам непарушнасьці грамадзкага парадку і канстытуцыйных асноў дзяржаўнасьці».

  • У траўні 2022 году Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях дзейнасьці ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў», які карэктуе два законы — «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» і «Аб барацьбе з тэрарызмам».
  • Згодна з дакумэнтам, унутраныя войскі Беларусі надзяляюцца паўнамоцтвамі на прымяненьне баявой і спэцыяльнай тэхнікі «для спыненьня масавых беспарадкаў і групавых парушэньняў грамадзкага парадку».
  • Таксама вайскоўцы ўнутраных войскаў атрымаюць права на захоўваньне і нашэньне зброі, вывучэньне абстаноўкі ў раёнах выкананьня гэтых задач, у тым ліку з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў. Дакумэнт пашырыў задачы ўнутраных войскаў «за кошт іх удзелу ў ахове грамадзкага парадку, забесьпячэньні прававога рэжыму ў зоне правядзеньня контратэрарыстычнай апэрацыі, бясьпецы ахоўных асоб і ахоўных аб’ектаў, а таксама ў мерапрыемствах па ўзмацненьні аховы дзяржаўнай мяжы».
  • Унутраныя войскі былі актыўна задзейнічаныя ў падаўленьні масавых пратэстаў у 2020 годзе, яны таксама прыцягваліся да разгону вулічных акцый у ранейшыя гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG