Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін перад сваёй паездкай у Кітай патэлефанаваў прэм’ер-міністру Ізраіля Біньяміну Нэтаньягу ўпершыню пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце Крамля, Уладзімір Пуцін «пацьвердзіў прынцыповую гатоўнасьць расейскага боку і далей весьці мэтанакіраваную працу ў інтарэсах спыненьня палестына-ізраільскай канфрантацыі і дасягненьня мірнага ўрэгуляваньня палітыка-дыпляматычнымі сродкамі».
«Прэзыдэнт Расеі выказаў шчырыя спачуваньні сваякам і блізкім загінулых ізраільцаў, акцэнтаваў рашучае непрыняцьце і асуджэньне любых дзеяньняў, ахвярамі якіх становіцца цывільнае насельніцтва, у тым ліку жанчыны і дзеці», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
На старонцы Біньяміна Нэтаньягу ў сацыяльнай сетцы Х, аб гэтай тэлефоннай размове не паведамляецца.
У той жа час на старонцы афіцыйнай старонцы МЗС Ізраіля працытавалі словы, якія сказаў прэм’ер Ізраіля Ўладзіміру Пуціну.
«Ізраіль пацярпеў ад барбарскага нападу подлых і жорсткіх забойцаў і ня спыніць ваенных дзеяньняў, пакуль ня будзе зьнішчаны ваенны і палітычны патэнцыял ХАМАС», — паведамілі ў МЗС Ізраілю. Але сам факт тэлефоннай размовы Біньяміна Нэтаньягу выклікаў вельмі нэгатыўную рэакцыю ў сацыяльных сетках.
«Палестына-ізраільскі канфлікт», як паведаміў Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта, Уладзімір Пуцін абмяркуе зь лідэрам Кітаю Сі Цзіньпінам. На шляху ў Кітай расейскі прэзыдэнт зрабіў прыпынак у Віетнаме, дзе сустракаецца з кіраўніцтвам краіны.
У Пэкіне прэзыдэнт Расеі правёў перамовы з прэм’ерам Вугоршчыны Орбанам
Расейскія СМІ паведамілі аб сустрэчы Ўладзіміра Пуціна зь Віктарам Орбанам, прэм’ерам Вугоршчыны. Дзяржаўныя СМІ сьцьвярджалі, што на гэтай сустрэчы Віктар Орбан заявіў, што «Вугоршчына ніколі не хацела супрацьстаяць Расеі». Апроч таго, ён нібыта сказаў, што вугорска-расейскія дачыненьні значна пацярпелі «ад спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».
На сайце вугорскага прэм’ера паведамляецца, што «кіраўнікі дзьвюх краін абмеркавалі вугорска-расейскую супрацу ў галіне газа- і нафтапаставак і ядзернай энэргетыкі».
«На сустрэчы Віктар Орбан падкрэсьліў важнасьць міру. Ён растлумачыў: для ўсяго кантынэнту, уключаючы Вугоршчыну, вельмі важна пакласьці канец плыні ўцекачоў, санкцыям і баям», —адзначаецца ў паведамленьні.
Візыт Уладзіміра Пуціна ў Кітай стаў другой ягонай замежнай паездкай у 2023 годзе — на мінулым тыдні ён наведаў Кіргістан для ўдзелу ў саміце СНД.
У сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт расейскага прэзыдэнта па абвінавачаньні ў ваенных злачынствах ва Ўкраіне. Расейскія ўлады лічаць гэтае рашэньне незаконным.