Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпет адмовіўся адкрыць калідор для ўцекачоў з сэктару Газа


Удар ізраільскіх узброеных сілаў па сэктары Газа ў адказ на напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль.
Удар ізраільскіх узброеных сілаў па сэктары Газа ў адказ на напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль.

Эгіпет адмовіўся адкрыць калідор для ўцекачоў з сэктару Газа, але абмеркаваў дастаўку ў рэгіён гуманітарнай дапамогі праз сваю мяжу.

Пра гэта піша Reuters са спасылкай на крыніцы ў эгіпецкіх органах бясьпекі.

Па словах суразмоўцы агенцтва, Эгіпет адмовіў у стварэньні бясьпечнага калідора для мірных жыхароў сэктару Газа. На думку Каіра, жыхары Газы павінны заставацца ў сэктары, паколькі маюць «права на абарону сваёй справы і сваёй зямлі».

У сэктары Газа пражывае больш за два мільёны чалавек. Паводле зьвестак ААН на раніцу 12 кастрычніка, свае дамы былі вымушаныя пакінуць амаль 339 тысяч чалавек — большасьць зь іх хаваюцца ў школах.

Раней ЗША заяўлялі, што ідэя такога калідора абмяркоўвалася сумесна з Ізраілем і Эгіптам. Адкрыць яго заклікалі гуманітарныя групы і афіцыйныя прадстаўнікі Эўразьвязу.


У сераду, 11 кастрычніка, генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш сказаў, што «у Газу павінны быць дастаўлены жыцьцёва важныя грузы, уключаючы паліва, прадукты харчаваньня і ваду». Паводле крыніцаў Reuters, ідэя гуманітарнага калідора «у рамках геаграфічна абмежаванага рэжыму спыненьня агню» абмяркоўвалася на перамовах паміж Эгіптам, ЗША, Катарам і Турэччынай. Пазьней прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган паведаміў, што праца па дастаўцы дапамогі ўжо пачалася, але не ўдакладніў, якая менавіта.

У сэктары Газа ў выніку дзеяньняў Ізраіля ў адказ на атакі палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС разгортваецца гуманітарная катастрофа.

У адказ на ўдары ХАМАС урад Ізраілю абвясьціў пра поўную блякаду рэгіёну, у тым ліку аб спыненьні паставак электраэнэргіі, харчаваньня і вады. Празь недахоп паліва перастала працаваць адзіная ў сэктары Газа электрастанцыя. Пра тое, што палестынскія бальніцы перапоўнены параненымі, паведамлялася яшчэ ў суботу.

Паводле апошніх зьвестак, у выніку нападаў ХАМАС па Ізраілі лік ахвяр у краіне вырасла да 1300, у сэктары Газа праз удары Ізраілю ў адказ — перавысіла 1200, па афіцыйных паведамленьнях ізраільскага і палестынскага бакоў. З двух бакоў параненыя больш за дзевяць тысяч чалавек.

На гэты момант вядома пра трох загінулых ураджэнцаў Беларусі і аднаго грамадзяніна Беларусі, які зьнік бязь зьвестак.

У закладніках ХАМАС, паводле сьцьвярджэньняў самой групоўкі, застаюцца 130 чалавек. Міністар энэргетыкі Ізраілю заявіў, што «ніводная вадзяная помпа не будзе адкрытая», пакуль выкрадзеныя ізраільцяне ня будуць вернутыя дадому.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG