Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыйскія СМІ паведамілі пра ўдары па аэрапортах у Дамаску і Алепа


Сырыйскія дзяржаўныя СМІ ў чацьвер паведамілі аб паветраных ударах па найбуйнейшых аэрапортах краіны ў Дамаску і Алепа.

Цытуючы вайсковыя крыніцы, сырыйскія агенцтвы сьцьвярджаюць, што ўдары нанесьлі ВПС Ізраілю, у выніку былі пашкоджаныя ўзьлётна-пасадачныя палосы. Абодва аэрапорты прыпынілі працу. Пра ўдары са спасылкай на сырыйскія СМІ паведамляюць заходнія агенцтвы.

У сацсетках распаўсюджваюцца відэа зь меркаванымі наступствамі ўдараў — на відэа бачны дым.

Афіцыйны Дамаск пакуль не рабіў заяў у сувязі з паведамленьнямі пра ўдары. Калі іх факт пацьвердзіцца, размова будзе ісьці пра першыя ізраільскія ўдары па Сырыі з моманту нападу на Ізраіль радыкальнай палестынскай групоўкі ХАМАС 7 кастрычніка. Улады Сырыі, у якой няма мірнай дамовы з Ізраілем, падтрымалі гэты напад.

Ізраіль у апошнія гады неаднаразова зьнішчаў на сырыйскай тэрыторыі аб’екты, зьвязаныя зь дзейнасьцю праіранскіх узброеных груповак. Агенцтвы мяркуюць, што і гэтым разам цэльлю ўдару былі лягістычныя ланцужкі гэтых груповак, якія атрымліваюць забесьпячэньне з Ірану. У Ізраілі асьцерагаюцца, што яны могуць перайсьці да актыўных баявых дзеяньняў супраць габрэйскай дзяржавы, ускладніўшы яе апэрацыю супраць ХАМАС. Пры гэтым Ізраіль афіцыйна рэдка прызнае факт удараў па Сырыі. Апошнія паведамленьні ён таксама не камэнтаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG