У Горадні скончыў жыцьцё самагубствам былы палітвязень Кірыл Шчаглоў. Гэта адбылося яшчэ ў лютым, але інфармацыя пра гэта зьявілася толькі цяпер, паведамляе ініцыятыва дапамогі палітвязьням dissidentBY.
18-гадовы Кірыл Шчаглоў быў асуджаны разам з Аляксандрам Належынскім (16 гадоў) і Максімам Рушніцкім (31 год) за абразу Лукашэнкі (паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі) на 1,5 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (так званая «хатняя хімія»).
Пазьней Кірылу Шчаглову ўзмацнілі пакараньне: хлопца арыштавалі на 3 месяцы. У лістападзе 2022 году яго ўнесьлі ў «сьпіс асобаў, зьвязаных з экстрэмісцкай дзейнасьцю».
Ужо пасьля выхаду на волю, у лютым 2023 году, дзевятнаццацігадовы Кірыл скончыў жыцьцё самагубствам, паведамляюць праваабаронцы.
Пра падрабязнасьці і абставіны гібелі Кірыла Шчаглова не паведамляецца.
- 8 ліпеня 2023 году ў бабруйскай папраўчай калёніі № 2 скончыў жыцьцё самагубствам 40-гадовы мужчына (прозьвішча невядомае), асуджаны паводле арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў).
- У сакавіку спробу суіцыду зьдзейсьніў палітзьняволены супрацоўнік Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі.
- 30 траўня 2022 году загінуў рабочы ААТ «Нафтан» Уладзімер Крысёнак, які ў 2020 годзе браў удзел у страйку на прадпрыемстве. Яго знайшлі павешаным дома. 24 траўня мужчыну затрымалі сілавікі, праз 72 гадзіны адпусьцілі пад заклад.
- У студзені 2022 году асуджаны з палітычных матываў на 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у ПУАТ 43-гадовы жыхар Смаргоні Дзьмітры Дудойць уцёк падчас візыту ў паліклініку і скончыў жыцьцё самагубствам, скочыўшы з моста. Ён адбываў пакараньне ў ПУАТ № 43 у Магілёве.
- У траўні 2021 году загінуў, скінуўшыся з 16-га паверху менскага інтэрнату, 17-гадовы сірата Дзьмітры Стахоўскі, на якога завялі крымінальную справу за ўдзел у акцыях пратэсту.