Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні прэзэнтавалі новы зборнік расстраляных беларускіх паэтаў


Укладальніца кнігі вершаў расстраляных беларускіх паэтаў Наста Чарнова. Вільня, 10 кастрычніка 2023
Укладальніца кнігі вершаў расстраляных беларускіх паэтаў Наста Чарнова. Вільня, 10 кастрычніка 2023

Кнігу «Ноч расстраляных паэтаў» падрыхтавала да друку выпускніца ЭГУ Наста Чарнова.

На імпрэзе да Міжнароднага дня супраць сьмяротнага пакараньня ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні прэзэнтавалі новы зборнік выбраных вершаў паэтаў, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях турмы НКВД у Менску, піша «Вясна».

Зборнік прэзэнтавала яго дызайнэрка Наста Чарнова, выпускніца факультэту дызайну ЭГУ. Кніга стала яе дыплёмным праектам ва ўнівэрсытэце.

«Чаму я вырашыла на дыплём узяць менавіта гэтую тэму? — кажа Наста Чарнова. — Пасьля 2020 году мы ўсе задаваліся пытаньнем: „Як такое магло адбыцца? Чаму такія страшныя рэпрэсіі? Адкуль гэта ўсё зьявілася? Нармальна ж жылі“.

Але калі паглядзець на гісторыю, на 1937 год, нічога новага яны не прыдумалі. Гэта ўсё проста натуральна выцякае з традыцый гвалту, якімі беларускія ўлады ганарацца, што яны нашчадкі Савецкага Саюзу. Яны пераймаюць проста ўсё, што зьвязана з манаполіяй гвалту. Таму калі я стала разьбірацца ў гэтай тэме, то пытаньне, чаму такія вялікія рэпрэсіі цяпер, стала відавочным.

Не праводзіць паралелі паміж тымі падзеямі і цяперашнімі проста немагчыма. Таму я вырашыла зрабіць такі невялічкі зборнік вершаў».

Кніга вершаў расстраляных беларускіх паэтаў
Кніга вершаў расстраляных беларускіх паэтаў

У афармленьні кнігі Наста выкарыстоўвала два колеры: чорны і сіні, пад кожны верш падбірала графічныя элемэнты, вобразы.

Зборнік вершаў распаўсюджваецца бясплатна.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКВД («амэрыканкі») расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты — выбітных дзеячоў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадзкіх дзеячоў тагачаснай БССР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG