Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея атакавала ракетамі Адэскую і Палтаўскую вобласьці, пад Масквой зьбілі бесьпілётнік


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Наступствы аднаго з папярэдніх абстрэлаў Адэсы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Наступствы аднаго з папярэдніх абстрэлаў Адэсы

Уначы 7 кастрычніка расейскія вайскоўцы атакавалі звышгукавымі супрацькарабельнымі ракетамі тыпу «Онікс» Адэскую вобласьць, зафіксаваныя траўленьні ў будынак пансіянату і збожжасховішчы, пашкоджаныя дамы.

Пра гэта паведамілі Сілы абароны поўдня і кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер.

Ракеты выпусьцілі зь берагавога ракетнага комплексу Бастыён у часова акупаваным Крыме. «Яны трапілі ў будынак пансіянату ў рэкрэацыйнай зоне і ў збожжасховішчы прыпартавой інфраструктуры», — адзначаюць вайскоўцы.

Паводле кіраўніка вобласьці, раненьні ад аскепкаў шкла атрымалі чатыры чалавекі, ім надалі неабходную дапамогу.

У Палтаўскай абласной вайсковай адміністрацыі пацьвердзілі выбух у Міргарадзкім раёне падчас паветранай трывогі ў ноч на 7 кастрычніка. Кіраўнік адміністрацыі Дзьмітрый Лунін удакладніў, што «інфармацыя аб варожых трапляньнях па крытычнай ці грамадзянскай інфраструктуры высьвятляецца. Папярэдне без пацярпелых».

Позна ўвечары 6 кастрычніка Паветраныя сілы УСУ папярэдзілі жыхароў некалькіх абласьцей Украіны аб ракетнай небясьпецы. У Харкаўскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях гучала паветраная трывога. Мясцовых жыхароў прасілі знаходзіцца ў сховішчах адбоя. У 01.11 паступіла паведамленьне аб адбоі паветранай трывогі.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна абстрэльваюць украінскія гарады і вёскі, разьмешчаныя ў межах дасяжнасьці расейскай артылерыі, ракетных сыстэм залпавага агню, ракет і дронаў. Нягледзячы на шматлікія сьведчаньні, Масква адмаўляе напады на грамадзянскія аб’екты, сьцьвярджаючы, што бʼе толькі па вайсковай інфраструктуры.

Улады Белгарадзкай вобласьці Расеі паведамілі пра 1 загінулага пры абстрэле

Раніцай 7 кастрычніка ў выніку абстрэлу пасёлка Ўразава Валуйскай гарадзкой акругі Белгарадзкай вобласьці загінуў мужчына, паведамляе кіраўнік рэгіёну Вячаслаў Гладкоў.

Гладкоў сьцьвярджае, што пасёлак атакавалі Ўзброеныя сілы Ўкраіны з РСЗА «Град». Паводле яго, пашкоджаныя 14 дамоў, адзін сацыяльны аб'ект і аўтамабіль. Таксама разбураныя гаспадарчая пабудова і склад.

Пад Масквой зьбілі бесьпілётнік

Раніцай над Маскоўскай вобласьцю зьнішчылі дрон, заявілі Мінабароны Расеі і мэр Масквы Сяргей Сабянін.

«У Істрынскай гарадзкой акрузе адбітая атака бесьпілётніка, які ляцеў на Маскву», — напісаў Сабянін. Мінабароны РФ сьцьвярджае, што дрон запусьціла Ўкраіна. Папярэдне, на месцы падзеньня абломкаў разбурэньняў і пацярпелых няма.

На другі год расейскага ўварваньня ва Ўкраіну рэгіёны Расеі рэгулярна зазнаюць атакі, у выніку якіх ёсьць разбурэньні і ахвяры. Рэгіянальныя ўлады пераважна сьцьвярджаюць, што напады вядуцца з украінскага боку. Кіеў гэтыя паведамленьні не камэнтуе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG