Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны проста мяса». Reuters распавёў пра атрады «Шторм Z», якія расейскае войска выкарыстоўвае як штрафбаты


Скрыншот зь відэа, якое 28 чэрвеня распаўсюдзіла Gulagu.net, на якім байцы атрадк «Шторм-Z» кажуць, што больш ня будуць ваяваць ва Ўкраіне на знак пратэсту супраць абыходжаньня зь імі камандзіраў
Скрыншот зь відэа, якое 28 чэрвеня распаўсюдзіла Gulagu.net, на якім байцы атрадк «Шторм-Z» кажуць, што больш ня будуць ваяваць ва Ўкраіне на знак пратэсту супраць абыходжаньня зь імі камандзіраў

У расейскія падразьдзяленьні «Шторм Z» адпраўляюць асуджаных і пакараных за дысцыплінарныя парушэньні вайскоўцаў. Такія атрады, як правіла, выкарыстоўваюць на самых уразьлівых участках фронту, яны нясуць вялікія страты, піша Reuters са спасылкай на 13 крыніц, у тым ліку байцоў падразьдзяленьня і іх сваякоў.

Гэтыя падразьдзяленьні параўноўваюць са штрафнымі батальёнамі, якія існавалі ў Чырвоным войску падчас Другой сусьветнай вайны.

У атрадзе, паводле зьвестак агенцтва, налічваецца каля 100–150 чалавек. Яны дзейнічаюць у складзе рэгулярных вайсковых падразьдзяленьняў. У «Шторм Z» адпраўляюць у тым ліку за ўжываньне алькаголю, наркотыкаў і адмову ад выкананьня загадаў.

«Байцы „Шторму“ — гэта проста мяса», — цытуе агенцтва словы аднаго з радавых салдат вайсковай часткі, якая дысьлякуецца ў раёне горада Бахмут на ўсходзе Ўкраіны. Паводле яго, ён надаў мэдыцынскую дапамогу групе з 7 або 7 параненых байцоў атрада «Шторм Z» на полі бою, нягледзячы на загад камандзіра пакінуць іх. Ён сьцьвярджае, што гэта тыповы прыклад таго, што байцы «Шторм Z» лічацца менш каштоўнымі вайскоўцамі, чым салдаты іншых падразьдзяленьняў.

Адзін з байцоў атраду, які меў судзімасьць за крадзеж і завэрбаваны з калёніі, расказаў, што ў чэрвені ў баях пад Бахмутам са 120 байцоў яго падразьдзяленьня загінулі або былі параненыя ўсе, акрамя 15 чалавек.

Расейскія дзяржаўныя СМІ раней пісалі пра існаваньне атрадаў «Шторм Z», але не прыводзілі падрабязнасьцяў.

У сакавіку «Настоящему времени» ўдалося атрымаць запіс тэлефоннай размовы двух расейскіх вайскоўцаў, у якім адзін зь іх расказвае пра негалосны ўказ адпраўляць у штурмавыя атрады ўсіх тых, хто ня згодны або адмаўляецца служыць.

У ліпені 2023 году выданьне «Можем объяснить» расказвала пра байца з падразьдзяленьня «Шторм Z». Яго сястра паведаміла, што мужчыну завэрбавалі ў красавіку гэтага года з калёніі ў Новасібірску. Паводле яе, у траўні яе брата адправілі на перадавую, а 6 чэрвеня ён атрымаў два асколачныя раненьні. Нягледзячы на тое, што ён яшчэ не далекаваўся і не быў праапэрыраваны, яго зноў адправілі на фронт.

«„Шторм Z“ — гэта людзі-здані. Іх жэтоны ня б’юцца, на руках няма ні даведак, ні кантракту (яго адразу забралі ў архіў пасьля падпісаньня). Калі тэлефануеш на 117 [гарачая лінія Мінабароны ў пытаньнях СВА], яны адказваюць, што такія людзі ў іх ня лічацца», — прыводзіць словы жанчыны выданьне. Яна сьцьвярджае, што ў брыгадзе брата «са 120 чалавек засталося чалавек 5–8», «не было ніякай падтрымкі» і «яны ішлі проста мясам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG