Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АБСЭ стварылі групу «Сяброў дэмакратычнай Беларусі». Ціханоўская заклікала іх дапамагчы прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці

3 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская выступіла на сустрэчы ў рамках АБСЭ, якая прайшла ў Варшаве.

На сустрэчы было абвешчана аб стварэньні групы «Сяброў дэмакратычнай Беларусі» з краінаў-удзельніц АБСЭ.

Ціханоўская падчас свайго выступу падзякавала ўсім дзяржавам-удзельніцам АБСЭ за запуск Венскага і Маскоўскага мэханізмаў адносна Беларусі, але падкрэсьліла, што справаздачы ў рамках маскоўскіх мэханізмаў «ня мусяць быць канчатковым пунктам — яны павінны стаць асновай для дзеяньняў», і адзначыла, што выканаўчыя структуры АБСЭ «мала што зрабілі для ўрэгуляваньня крызісу ў Беларусі», паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

«Я хачу заклікаць БДІПЧ і Сакратарыят да выкананьня ўжо наяўных у іх мандатаў. Ім ня трэба запытваць у дзяржаваў-удзельніц ніякіх дадатковых дазволаў або ўзгадненьняў. Яны маюць свае мандаты і павінны іх выконваць», — заявіла Ціханоўская.

Яна заклікала АБСЭ садзейнічаць больш хуткаму прыцягненьню Лукашэнкі да адказнасьці за перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, «што зьяўляецца актам генацыду і ваенным злачынствам», а таксама задзейнічаць максымум мэханізмаў Міжнароднага крымінальнага суду і інструмэнт унівэрсальнай юрысдыкцыі па справах злачынстваў супраць беларускага народу.

«Крымінальныя справы па фактах катаваньняў у Беларусі ўжо завялі ў Літве і Польшчы. Каб дапамагчы беларусам дабіцца справядлівасьці, мы зьвяртаемся да нашых партнэраў з просьбай канкрэтызаваць кола злачынстваў, якія падпадаюць пад унівэрсальную юрысдыкцыю», — сказала Ціханоўская.

Падчас свайго выступу дэмакратычная лідэрка Беларусі таксама закранула тэму палітвязьняў і адзначыла, што «БДІПЧ і Сакратарыяту трэба самым рашучым чынам запатрабаваць наведваньня палітычных зьняволеных у Беларусі», а таксама публічна запытаць доступ да маніторынгу судовых працэсаў у Беларусі.

«Чаму АБСЭ публічна не зьвярнулася з просьбай, напрыклад, аб наведваньні ў турме ляўрэата Нобэлеўскай прэміі 2022 году Алеся Бяляцкага?» — спытала Ціханоўская.

Падчас свайго выступу яна чарговым разам падкрэсьліла, што разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі «зьяўляецца вельмі наглядным прыкладам таго, як парушэньні правоў чалавека падрываюць калектыўную бясьпеку АБСЭ».

XS
SM
MD
LG