Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дворыку «Валадаркі» заўважылі надпіс «Наста Лойка, трымайся!»


Наста Лойка. Архіўнае фота
Наста Лойка. Архіўнае фота

Вярхоўны суд 3 кастрычніка разгледзеў касацыйную скаргу праваабаронцы Насты Лойкі і пакінуў вырак, які вынес ёй Менскі гарадзкі суд, бязь зьменаў.

Пра гэта паведамляе праваабарончая арганізацыя Human constanta, у якой працавала да арышту Наста Лойка. Праваабаронцу пакаралі 7 гадамі зьняволеньня, неўзабаве яе мусяць адправіць для адбыцьця пакараньня, як мяркуецца, у гомельскую жаночую калёнію.

З канца 2022 году Насту Лойка трымаюць у менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. У апошнім лісьце сваякам, які прыйшоў два тыдні таму, праваабаронца паведаміла, што яе перавялі з былой цеснай і бруднай камэры ў больш прасторную, чаму яна вельмі радавалася. Таксама Наста Лойка падзялілася ўражаньнямі ад прагулак у турэмным дворыку.

«Амаль месяц гуляем ня ў корпусе, а ў дворыках. У некаторых знаходжу надпісы «Наста Лойка, трымайся!».

Сябры маладой жанчына лічаць, што сілаў і цярпеньня ёй яшчэ спатрэбіцца шмат, каб пераадолець выпрабаваньні на сваім шляху. Сябры арыентуюцца на прыблізную дату вызваленьня, якую Наста пазначыла ў тым жа лісьце — гэта 19 ліпеня 2029 года. Аднак калегі зазначаюць, што Наста зрабіла прыпіску: «Але не выключаю працягу паводле 411 артыкулу».

Наста Лойка таксама даслала сьпіс кніг, якія б раіла іншым прачытаць. У сьпісе творы пяці аўтараў: Філіпы Пэры, Стывэна Гокінга, Фёдара Дастаеўскага, Рамэна Гары і Джона Д. Сэлінджэра. Асабліва захапляецца праваабаронца Дастаеўскім.

«„Браты Карамазавы“ — гэта геніяльна! Алёша і ягоны пэдагагічны талент, Вялікі інквізытар у Івана і суд Міценькі — па ім варта праводзіць практыкумы на юрыдычных факультэтах», — напісала Наста Лойка ў апошнім лісьце на волю з «Валадаркі».

  • Наста Лойка працавала ў Human constanta. У 2022 годзе праваабаронцу некалькі разоў затрымлівалі на «суткі», але па заканчэньні апошняга тэрміну ня вызвалілі, а перавялі на «Валадарку» і выставілі абвінавачаньне паводле Крымінальнага кодэксу.
  • Суд над Настай Лойкай адбыўся ў чэрвені 2023-га, ён праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Маладую жанчыну прызналі вінаватай у распальваньні сацыяльнай варожасьці (арт.130 КК).
  • Судзьдзя Алена Шылько прысудзіла ёй 7 гадоў калёніі. Наста Лойка не прызнала віны і вырак абскардзіла.
  • Праваабаронцы прызналі Насту Лойку палітзьняволенай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG