Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Яна прамовіла: „Мамачка, прабач“ — і адпусьціла рукі». Беларуска расказала, як уратавала чалавека ў ЗША


Настасься Горбань атрымлівае ўзнагароду ад 108-га ўчастку паліцыі Нью-Ёрку
Настасься Горбань атрымлівае ўзнагароду ад 108-га ўчастку паліцыі Нью-Ёрку

Беларуска Настасься Горбань уратавала жыцьцё жанчыне ў Нью-Ёрку. Тая хацела скочыць з моста, бо страціла дзіця. Беларуска пасьпела схапіць яе за нагу. Свабода пагаварыла з Настасьсяй пра тое, як гэта было, і што дзяўчына робіць у ЗША.

«Чаму гэта са мной адбываецца?»

Усё адбылося каля сёмай гадзіны раніцы ў нядзелю, 20 жніўня. Настасься, як звычайна, выйшла на прабежку, каб падрыхтавацца да нью-ёрскага маратону. У той дзень яна мела ў плянах больш за 20 кілямэтраў.

«Я зьбіралася пабегчы ў іншы бок. Але, паколькі мост каля майго дому ўваходзіць у маршрут маратону, я вырашыла патрэнавацца на ім, ён ідзе ўгору», — расказвае Наста.

Гаворка ідзе пра Пуласкі мост паміж двума раёнамі Нью-Ёрку — Бруклінам і Кўінсам. Ён названы ў гонар генэрала Рэчы Паспалітай Казімера Пуласкага, які змагаўся за незалежнасьць ЗША.

Настасься Горбань

На мосьце Настасься ўбачыла маладую жанчыну. Тая бегла насустрач і вельмі моцна плакала. Спачатку беларуска пабегла далей, але ўрэшце спынілася і вырашыла паназіраць за незнаёмкай, дастала навушнікі з вушэй. Тая забегла за тэхнічную пабудову на мосьце, падобную да маяка, і зьнікла з вачэй.

Калі Настасься падышла бліжэй, то ўбачыла, што дзяўчына сядзіць на краі моста ўжо за парэнчамі, сьпінай да ракі. Рукамі яна трымалася за парэнчы, слухала вельмі сумную музыку на тэлефоне і працягвала плакаць.

«Яна наракала, паўтарала адныя і тыя ж фразы: «Чаму гэта са мной адбываецца?», «Чаму я?», — успамінае суразмоўца.

«Яна сказала па-гішпанску: „Мамачка, прабач“»

Настасься хацела зь ёй пагаварыць, але ня ведала, што можна запытацца, калі чалавек знаходзіцца ў ня вельмі адэкватным стане, а прымаць рашэньні трэба было хутка. Яна падыходзіла ўсё бліжэй.

«Я разумела, што яна мяне ня чуе, бо яна глядзела на мяне, але было адчуваньне, што яна глядзіць скрозь мяне. У яе быў вельмі дрэнны стан. Быў момант, калі яна адклала тэлефон, сказала па-гішпанску: „Мамачка, прабач“ і адпусьціла рукі. У гэты момант я падскочыла да яе, схапіла за правую нагу і стала вельмі моцна трымаць», — успамінае Настасься.

Так яна трымала незнаёмку некалькі хвілін, хаця ёй здавалася, што гэты момант цягнуўся вельмі доўга.

«Я памятаю толькі адну думку, што я ня ведаю, што рабіць далей. Усё маё цела сьціснулася. Я не магла зь сябе выціснуць ніякіх словаў. Я ведала, што мне трэба паклікаць на дапамогу, але не магла нават слова вымавіць. Усю сваю моц я ўклала туды, у гэтую нагу і рукі, каб толькі яна ня высьлізнула», — працягвае Настасься.

Яна кепска памятае гэтыя хвіліны. У нейкі момант ёй здалося, што дзяўчына спрабуе вырвацца. Тады беларуска здолела паклікаць на дапамогу. Падбег нейкі хлопец і схапіў дзяўчыну за другую нагу.

Настасься Горбань
Настасься Горбань

«Я трохі выдыхнула, бо зразумела, што двое могуць утрымаць аднаго чалавека, пакуль не падыдзе хтосьці яшчэ», — успамінае суразмоўца.

Надзеі на дапамогу ранкам нядзелі было мала. Аднак, відаць, хтосьці выклікаў паліцыю.

«Прыбеглі паліцэйскія, іх было чалавек пяць. Яны перахапілі гэтую дзяўчыну, дасталі яе, вывелі яе з-за тэхнічнай пабудовы. Спыталі мае кантакты, спыталі, ці ўсё са мной добра, бо я таксама была троху ў шокавым стане», — кажа Наста.

Незнаёмка ідзе на папраўку

Пасьля гэтага выпадку дзяўчына працягнула трэніроўку, на адрэналіне прабегла 25 кілямэтраў. Рэшту дня яна вырашала побытавыя справы, якія пераключылі ейную ўвагу ад перажытага стрэсу. На наступны дзень паляцела на вакацыі ў Польшчу і Літву.

У той жа дзень ёй патэлефанавалі паліцыянты, каб распытаць пра дэталі інцыдэнту. Ад іх Настасься даведалася, што ўратаваная ёй жанчына страціла ненароджанае дзіця і перажывала глыбокую дэпрэсію. У яе не было блізкіх побач, каб яе падтрымаць. Таму яна рашылася на самагубства.

Беларуска дагэтуль ня ведае імя ўратаванай асобы. Жанчыне было каля 25 гадоў, яна размаўляла па-гішпанску, пэўна, паходзіць з адной з лацінаамэрыканскіх краін. Настасься ведае, што зь ёй урэшце ўсё добра. За ёй назіраюць дактары, аказваюць псыхалягічную дапамогу, яна ачуньвае.

«Ты не змарнавала сваё жыцьцё»

Калі Настасься вярнулася з вакацый, яе запрасілі на цырымонію ўзнагароджаньня. Яна прайшла ў Нью-Ёрку 26 верасьня. Разам зь ёй дзякавалі паліцыянтам, якія патрулявалі на тым участку ў той дзень. Іх прызналі паліцэйскімі месяца.

Настасься Горбань
Настасься Горбань

Настасься спачатку не плянавала расказваць пра здарэньне нікому, але падзялілася зь сяброўкай. Сяброўка ж запосьціла гэтую гісторыю ў сваіх сацсетках. Потым допіс убачылі ў мясцовай дыяспары беларусаў і падзяліліся ў сваёй суполцы. Тэму падхапілі мэдыя.

«Я спачатку не хацела расказваць пра гэта нікому, а цяпер ведае ўвесь сьвет», — усьміхаецца яна.

Беларуска прызнаецца, што ёй складана ўсьведамляць, што яна ўратавала жыцьцё чалавеку.

«Я пра гэта расказвала ўжо шмат разоў. І кожны раз мне здаецца, што я расказваю не пра сябе, а пра кагосьці іншага. Нібы я паглядзела кіно і расказваю сюжэт. Гэта ня тое, пра што табе бацькі расказваюць, калі ты маленьк; гэта ня тое, што ты бачыш у сваім асяродзьдзі. Здаецца, такога ніколі не адбываецца», — разважае суразмоўца.

Сястра падтрымала Настасьсю ў гэтай сытуацыі. Яна ўспрыняла гісторыю вельмі бурна, сказала, што гэта нагадвае галівудзкі фільм.

«Яна сказала: „Нават калі ў цябе ня будзе дзяцей, ты можаш разумець, што ты не змарнавала сваё жыцьцё“», — пераказвае Настасься.

Ейныя бацькі назвалі гэтую падзею «важнай і вялікай». Агулам Настасьсі напісалі дзясяткі чалавек са словамі гонару і падзякі.

Нарадзілася ў Баранавічах, працуе ў ААН

Настасьсі 32 гады. Яна пастаянна жыве ў ЗША паўтара года. Перад гэтым прыяжджала на кароткія стажы і кантракты. Дзяўчына нарадзілася ў Баранавічах у сям’і аграномаў. У ейным дзяцінстве сям’я шмат пераяжджала. Яны жылі ў Горках, Чэрвені, пасёлку Жамчужны пад Баранавічамі. Вучылася ў лінгвістычным унівэрсытэце ў Менску. Валодае ангельскай і гішпанскай мовамі, вучыць францускую. У 2020 годзе Настасься зьехала ў Польшчу, адтуль ва Ўкраіну і ў 2022 годзе ў Грузію.

Раней выкладала ў МДЛУ. Цяпер працуе пісьмовай перакладчыцай у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Перакладае жывыя выступы людзей на Генэральнай Асамблеі і Радзе бясьпекі. Каб атрымаць месца ў ААН, яна здавала іспыт па перакладзе, праходзіла сумоўе, а потым яшчэ 6 гадоў чакала, калі зьявіцца вакансія ў арганізацыі.

Настасься Горбань
Настасься Горбань

Дзяўчына пачала бегаць падчас пандэміі каранавірусу. У ЗША зацікавілася маратонамі і стала да іх рыхтавацца менш за год таму. Трапіць на нью-ёрскі маратон ня так проста. У ім бяруць удзел 50 тысяч чалавек з усяго сьвету. Каб стаць удзельнікам, можна або выйграць у лятарэю, або за год прабегчы дзевяць кваліфікацыйных забегаў і павалянтэрыць у адным зь іх.

«Бег выратуе сьвет», — сьмяецца Настасься, падсумоўваючы.

Яна прызнаецца, што і раней дапамагала людзям. Падчас шпацыраў у менскіх парках яна правярала, ці жывыя людзі, якія сьпяць на лавачках, ці ўсё зь імі ў парадку. Калі яна бачыла, што ейным студэнтам кепска на занятках, то прапаноўвала пайсьці ў буфет і выпіць гарбаты зь пірожным.

Апошнім часам Наста цікавіцца таксама модай і псыхалёгіяй. Знаходзіцца ў псыхатэрапіі. Думае, што вельмі важна сачыць і за сваім псыхічным, і за фізычным станам, каб у выпадку чаго «ўтрымаць чалавека за нагу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG