Як піша выданьне MOST, ідэя стварыць «AntiBAG Тахограф» узьнікла ў Максіма, калі ён сам працаваў кіроўцам-міжнароднікам. Сутнасьць мабільнай праграмы ў тым, што галасавы асыстэнт у фонавым рэжыме гаворыць кіроўцу, што трэба рабіць. Акрамя таго, аплікацыя паказвае маршрут, пройдзеную адлегласьць і хуткасныя рэжымы, як GPS-трэкер. Кіроўца заўсёды можа паглядзець, дзе і зь якой хуткасьцю ён праяжджаў нават год таму. Цяпер, як адзначае распрацоўнік, гэта ўжо вялікі шматфункцыянальны мэханізм. Да таго ж у яго дадалі галасавы пакет на некалькіх мовах. Агучваньне і пераклад асыстэнта рабілі з дапамогай нэўрасеткі.
Сёньня колькасьць карыстальнікаў мабільнай праграмы складае 117 тыс. па ўсёй Эўропе.
Да нядаўняга часу карыстальнікі маглі выбраць з чатырох моў: расейскай, украінскай, ангельскай і польскай. А цяпер праграма стала і беларускамоўнай.
Першы час стваральнік спрабаваў знайсьці прафэсыйнага актора для агучваньня, але пасьля просьбаў падпісантаў вырашыў, што ўсе 57 галасавых блёкаў агучыць сам. І не памыліўся — продажы аплікацыі значна вырасьлі, адзначае MOST.
Максім расказаў, што беларуская агучка карыстаецца папулярнасьцю нават сярод носьбітаў іншых моў. Ён спадзяецца, што іншыя праграмісты возьмуць зь яго прыклад і зробяць беларускую лякалізацыю мабільных праграм.
Цяпер каманда Максіма з трох чалавек рыхтуе новае абнаўленьне з навігацыяй. Ён кажа, што за 7 гадоў існаваньня «AntiBAG Тахограф» каманда выпусьціла больш за 150 абнаўленьняў, кожнае зь якіх каштуе ад 1 да 10 тысяч эўра. Але зарабілі больш, каля мільёна, хоць цяпер заробленыя грошы ўкладваюцца ў мадэрнізацыю праграмы.