Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па Беларусі зафіксавалі 37 тэмпэратурных рэкордаў, у Менску пабіты рэкорд 99-гадовай даўніны


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

З прычыны анамальна цёплага надвор’я 22 верасьня на 37 беларускіх мэтэастанцыях перакрытыя тэмпэратурныя рэкорды, вынікае з праведзенага BPN параўнальнага аналізу апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамету.

У Менску і Марʼінай Горцы абноўленыя максымумы дня, якія трымаліся з 1924 году: 26,1 градуса супраць 24 у Менску і 26,6 супраць 25,7 у Марʼінай Горцы.

Пабітыя пяць рэкордаў 44-гадовай даўніны: у Баранавічах (25,7 супраць 24,8 градуса 22 верасьня 1979 году), Лепелі (25,9 супраць 23,3), Навагрудку (25,2 супраць 23,2), Пружанах (26,9 супраць 25,1) і Сянно (24,9 супраць 24).

Таксама пабітыя тэмпэратурныя рэкорды 1981 году — у Берасьці і Высокім, 1982-га году — у Горадні, Бярэзінскім запаведніку, Барысаве, Верхнядзьвінску, Вілейцы, Ваўкавыску, Валожыне, Докшыцах, Лідзе, Лынтупах, Ашмянах, Полацку і Шаркаўшчыне, 1983 году — у Беразіно, Барысаве, Клічаве, Акцябрскім, Слуцку і Стоўбцах.

Тэмпэратурныя рэкорды апошніх 3-5 гадоў перапісаныя ў Віцебску, Магілёве, Ганцавічах, Езярышчы, Лельчыцах, Нарачы, Воршы, Пінску і на мэтэастанцыі «Палеская» ў Лунінецкім раёне.

Абсалютны рэкорд дня для ўсёй тэрыторыі Беларусі выстаяў (27,4 градуса 22 верасьня 2018 году ў Брагіне).

Першыя тэмпэратурныя рэкорды гэтай восені былі зафіксаваны 12 верасьня. За мінулыя паўтара тыдня перапісана 75 лякальных гістарычных максымумаў.

23 верасьня Белгідрамет прагназуе ад 23 да 29 градусаў цяпла. Рэкорд дня — 30 градусаў у 2003 годзе на «Палескай». У Менску чакаецца 24-26 градусаў, гістарычны максымум — 26,4 (у 2003 годзе).

Мэтэаролягі ААН зьвязваюць рэкордную сьпёку з антрапагенным зьмяненьнем клімату і пачаткам Эль-Ніньё — павышэньня тэмпэратуры экватарыяльных водаў Ціхага акіяна. Высокія тэмпэратуры прыводзяць да гібелі людзей, жывёлаў і расьлінаў, садзейнічаюць распаўсюджваньню засухаў і лясных пажараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG