Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Севастопаля паведамляюць пра новы выбух. Украінская выведка: у выніку ўчорашняй атакі параненыя расейскія генэралы


23 верасьня а 8:32 раніцы ў Севастопалі прагрымеў магутны выбух, паведамляе праект Радыё Свабода Крым.Реалии.

Як паведамляе мясцовы карэспандэнт, ад выбуховай хвалі трэсьліся шыбы. Пасьля гэтага ў горадзе ўключыліся сірэны паветранай трывогі.

Неўзабаве пасьля выбуху ў шэрагу раёнаў горада загучалі сырэны. Рух марскога пасажырскага транспарту прыпынены.

Пазьней кіраўнік акупацыйных уладаў горада Міхаіл Разважаеў пацьвердзіў ракетны абстрэл Севастопаля. Ён заявіў, што, «паводле папярэдняй інфармацыі, спрацавала сыстэма супрацьпаветранай абароны» і што абломкі ўпалі ў раёне пірса каля Сухарнай Балкі.

Расейскія ўлады паведамілі пра «ракетную небясьпеку», жыхарам рэкамэндавалі спусьціцца ва ўкрыцьці. Пакуль пра паўторныя выбухі не паведамлялі.

Украінскі бок інфармацыю пра выбух пакуль не камэнтаваў.

Украінская выведка сьцьвярджае, што ў выніку атакі ў Севастопалі параненыя расейскія генэралы

У выніку атакі на штаб Чарнаморскага флёту РФ ў акупаваным Севастопалі загінулі прынамсі 9 чалавек, параненыя 16. Сярод іх расейскія генэралы, паведаміў украінскай службе «Голасу Амэрыкі» начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў.

«Сярод параненых — камандзір групы генэрал-палкоўнік [Аляксандар] Раманчук у вельмі цяжкім стане. Начальнік Генштабу генэрал-лейтэнант [Алег] Цэкаў знаходзіцца ў непрытомным стане. Колькасьць вайскоўцаў тэрміновай службы, якія не зьяўляюцца супрацоўнікамі штабу, яшчэ ўдакладняецца. Гэта вайскоўцы, якія нясуць службу, ахову і гэтак далей — яны не ўваходзяць у сьпіс, які я вам агучыў», — сьцьвярджае Буданаў.

Аляксандар Раманчук — камандуючы групоўкай расейскіх войскаў на Запароскім напрамку, у 2023 годзе атрымаў званьне генэрал-палкоўніка. Генэрал-лейтэнант Алег Цэкаў — камандуючы 200-й ОМСБр берагавых войскаў Паўночнага флёту ВМФ Расеі.

Пры гэтым Буданаў не пацьвердзіў паведамленьняў пра нібыта сьмерць камандуючага Чарнаморскім флётам РФ адмірала Віктара Сакалова. Пра ягоны стан у ГУР пакуль інфармацыі няма.

Расея гэтыя паведамленьні пакуль не камэнтавала. У Мінабароны РФ пасьля ўдару заявілі, што загінуў адзін расейскі вайсковец, а потым удакладнілі, што гэты вайсковец лічыцца зьніклым бязь вестак.

Радыё Свабода ня можа апэратыўна праверыць зь незалежных крыніц заявы бакоў канфлікту пра ваенныя дзеяньні.

Праект Радыё Свабода Крым.Реалии апублікаваў спадарожнікавыя здымкі наступстваў ракетнага ўдару па штабе Чарнаморскага флоту Расеі ў Севастопалі 22 верасьня. На здымках амэрыканскай кампаніі Planet Labs да (21 верасьня) і пасьля ракетнага ўдару бачна, што днём 22 верасьня будынак штабу быў сур'ёзна пашкоджаны. Дым і разбурэньні бачныя нават з космасу.

  • 22 верасьня ў Севастопалі прагрымелі некалькі выбухаў. Расейскія акупацыйныя ўлады паведамілі пра ракетны ўдар па штабе Чарнаморскага флёту РФ. Пазьней Узброеныя сілы Ўкраіны пацьвердзілі атаку на штаб Чарнаморскага флёту Расеі ў часова акупаваным Севастопалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG