Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У польскім Гданьску адкрыўся 11-ы Міжнародны кангрэс дасьледнікаў Беларусі


Падчас працы Міжнароднага кангрэсу дасьледнікаў Беларусі. Фота Reform.by
Падчас працы Міжнароднага кангрэсу дасьледнікаў Беларусі. Фота Reform.by

22 верасьня на Кангрэсе праходзіць прэзэнтацыя дасьледаваньня «Беларуская навука – 2023: стан, тэндэнцыі і асноўныя выклікі».

Адзінаццаты міжнародны кангрэс дасьледнікаў Беларусі праходзіць на трох пляцоўках: у Музэі Другой сусьветнай вайны, Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці ў Гданьску, Нацыянальным марскім музэі. Форум будзе працаваць да 24 верасьня.

Як піша Reform.by, вядомы форум экспэртаў у палітычных, сацыяльных і гуманітарных навуках віталі ў Гданьску мэр горада Аляксандра Дулькевіч, адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы для ўзаемадзеяньня з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі, дырэктар Музэю Другой сусьветнай вайны Гжэгаж Бэрэнт, дырэктар Нацыянальнага марскога музэю доктар Робэрт Домжал, кіраўнік Эўрапейскага цэнтру салідарнасьці ў Гданьску Басіль Кэрскі і іншыя навукоўцы і прадстаўнікі знаных беларускіх, літоўскіх і польскіх інстытуцыяў.

«У жніўні 2020 году беларусы паказалі сьвету, але перш за ўсё самі сабе, што яны хочуць, каб да іх ставіліся як да паўнавартаснага суб‘екту, хочуць мець уласную, незалежную, дэмакратычную дзяржаву, хочуць быць гаспадарамі ў сваёй краіне, — падкрэсьліў у прамове на адкрыцьці Артур Міхальскі. — [Беларусы] паказалі, што дэспатычны стыль кіраваньня глыбока архаічны, што яны маюць годнасьць і хочуць, каб іхны голас улічваўся. Але гэты голас быў цалкам праігнараваны. Тым ня менш Беларусь пасьля тых сфальсыфікаваных выбараў стала іншай. Шматлікая эмігранцкая супольнасьць у ладзе мысьленьня выразна абапіраецца на нацыянальную ідэнтычнасьць, гісторыю, адмяжоўваецца ад савецкага этасу, добра разумее свае эўрапейскія карані і ўсё больш гучна заяўляе пра свае эўрапейскія памкненьні».

«Калі мы пачыналі Кангрэс, нашыя чаканьні былі надзвычай высокімі, — падзяліўся дырэктар Інстытуту Вялікага Княства Літоўскага ў Коўне Русьціс Камунтавічус. — Маёй, напрыклад, марай было актывізаваць беларуска-літоўскія стасункі, зьмясьціць іх у больш шырокі ўсходнеэўрапейскі кантэкст. Выканана далёка не ўсё, хоць падлічыць вельмі цяжка. У кожным разе тое, што мы маем сёньня ў Літве, — гэта штогадовая магчымасьць літоўскіх вучоных сустрэцца зь беларускімі калегамі».


«Гвалт і вайна маюць свой канец — пра гэта сьведчыць наш музэй», — зьвярнуўся да прысутных дырэктар Музэю Другой сусьветнай вайны Гжэгаж Бэрэнт. Ён нагадаў пра сымбалізм гораду, у якім сёлета ладзіцца Кангрэс дасьледнікаў Беларусі — менавіта ў Гданську пастаў рух «Салідарнасьць» і тут сымбалічна прыйшоў канец камунізму.


«Свабода Польшчы немагчымая без свабоды Беларусі», — падсумаваў у сваёй прамове кіраўнік Эўрапейскага цэнтру салідарнасьці ў Гданьску Басіль Керскі.

Аляксей Ластоўскі падчас працы Міжнароднага кангрэсу дасьледнікаў Беларусі. Фота Reform.by
Аляксей Ластоўскі падчас працы Міжнароднага кангрэсу дасьледнікаў Беларусі. Фота Reform.by


22 верасьня у музэі прэзэнтуюць дасьледаваньне «Беларуская навука – 2023: стан, тэндэнцыі і асноўныя выклікі». Яго аўтар — дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра», суарганізатар Міжнароднага кангрэсу дасьледнікаў Беларусі Андрэй Казакевіч.


Сёньня ўдзельнікаў форуму чакае праца ў адмысловых сэкцыях і круглы стол «Урокі польскай „Салідарнасьці“ для беларускай рэвалюцыі 2020 году». Кульмінацыяй заўтрашняй праграмы стане цырымонія ўзнагароджаньня прэміяй Кангрэсу.


Міжнародны Кангрэс дасьледнікаў Беларусі (International Congress of Belarusian Studies) — штогадовы акадэмічны і экспэртны форум дасьледнікаў Беларусі і рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Яго заснавалі прадстаўнікі беларускай і літоўскай навуковай супольнасьці ў 2010 годзе дзеля інтэграцыі дасьледнікаў і экспэртаў у палітычнай, сацыяльнай і гуманітарнай сфэрах, спрыяньня глыбейшаму разуменьню Беларусі ў акадэмічных і грамадзкіх асяродках краінаў рэгіёну і сьвету. Кангрэс — самая прадстаўнічая штогадовая акадэмічная і экспэртная падзея Беларусі, у працы якой прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры дасьледаваньня грамадзтва, палітыкі і культуры Беларусі.

Падчас Міжнароднага кангрэса дасьледчыкаў Беларусі. Фота Reform.by
Падчас Міжнароднага кангрэса дасьледчыкаў Беларусі. Фота Reform.by

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG