Былога вайскоўца Паўла Кучынскага затрымалі ў пачатку верасьня 2022 году, паведамляюць праваабаронцы.
У Менскім абласным судзе 4 кастрычніка пачнуць разгляд крымінальнай справы супраць Паўла Кучынскага, піша «Вясна». Працэс узначаліць судзьдзя Аляксандар Рыбакоў, які ў 2021 годзе вёў першы суд у «справе Ціханоўскага».
Паўла абвінавачваюць паводле сямі крымінальных артыкулаў — сярод іх «здрада дзяржаве», «акт тэрарызму», «стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй».
Летась арганізацыя сілавікоў Беларусі ByPol пісала, што Паўла пад катаваньнямі прымусілі ўдзельнічаць у правакацыі супраць іх.
Былога вайскоўца Паўла Кучынскага затрымалі прыкладна ў пачатку верасьня 2022 году. Тады арганізацыя ByPol пісала, што Кучынскі быў затрыманы ў сувязі зь верагодным дачыненьнем да справы «інкасатараў»:
«Спэцслужбы пад катаваньнямі прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, у рамках якой апошні выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі ByPol і прапанаваў зьдзейсьніць акцыі прамога дзеяньня. Усе перамовы і перапіска фіксавалася».
Цяпер яму выставілі абвінавачаньні паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»);
- ч. 2 арт. 295-3 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў»);
- ч. 2 арт. 290-5 («Арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасьці такой арганізацыі»);
- ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»);
- ч. 2 арт. 290-4 («Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй»);
- ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»);
- ч. 1 арт. 309 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатны для эксплюатацыі стан сродкаў чыгуначнага транспарту»).