Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вялікай Брытаніі пяцярых грамадзянаў Баўгарыі абвінавацілі ў шпіянажы для Расеі


Пракуратура Вялікай Брытаніі выставіла пяцярым грамадзянам Баўгарыі абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Расеі. Пра гэта паведамляе прэс-служба брытанскага нагляднага ведамства.

Сярод абвінавачаных Арлін Русеў, Бізер Джамбазаў, Іван Стаянаў, Катрын Іванова і Ваня Габерава. Як паведамляе «Настоящее время», трох зь іх — Русева, Джамбазава і Іванову — раней арыштавалі па абвінавачаньні ў падрабляньні дакумэнтаў: паліцыя сканфіскавала ў іх падробленыя пашпарты Вялікай Брытаніі, Баўгарыі, Францыі, Італіі, Гішпаніі, Харватыі, Славеніі, Грэцыі і Чэхіі.

Паводле вэрсіі брытанскай пракуратуры, названыя абвінавачаныя ўступілі ў змову і з жніўня 2020 па люты 2023 году зьбіралі на карысьць Расеі інфармацыю, якая можа «нанесьці шкоду бясьпецы Вялікай Брытаніі і яе інтарэсам».

Сьледзтва сьцьвярджае, што арганізатарам і кіраўніком злачыннай групы быў Арлін Русеў. Паводле сьледзтва, падазроныя мелі кантакты з расейскім бокам. Так, Арлін Русеў, паводле зьвестак BBC News, да пераезду ў Вялікую Брытанію ў 2009 годзе кіраваў бізнэсам у Расеі: ён валодаў фірмай маніторынгу і аналізу трафіку сувязі, які прадугледжваў перахоп паведамленьняў і «электронных сыгналаў».

Джамбазаў і Іванова, якія прадстаўляліся як сямейная пара, кіравалі грамадзкай арганізацыяй, якая надавала паслугі баўгарскім грамадзянам у Вялікай Брытаніі. Яны таксама працавалі ў Лёндане ў выбарчых камісіях, дзе грамадзяне Баўгарыі, якія жывуць за мяжой, галасавалі на баўгарскіх выбарах.

Справу абвінавачаных у шпіянажы на карысьць РФ грамадзянаў Баўгарыі ў аўторак, 26 верасьня, будзе разглядаць Вестмінстэрскі суд.

Русева, Джамбазава і Іванову затрымалі ў лютым 2023 году. З таго часу яны пад вартай у чаканьні суду. Віну ў выстаўленых ім абвінавачаньнях фігуранты не прызналі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG