Памерла журналістка «Ганцавіцкага часу» Сьвятлана Малышка, у яе быў канфлікт з уладамі

Сьвятлана Малышка, архіўнае фота
Сьвятлана Малышка, архіўнае фота

Сьвятлане ішоў 45-ы год. У яе засталіся непаўналетнія сын і дачка.

17 верасьня раптоўна пайшла з жыцьця карэспандэнтка незалежнага інтэрнэт-выданьня «Ганцавіцкі час» Сьвятлана Малышка, паведаміў БАЖ.

Сьвятлане не было і 45. У газэце «Ганцавіцкі час» Сьвятлана Малышка пачала працаваць у 2003 годзе. За час працы ў газэце яна напісала больш за 1300 артыкулаў.


«Дабрыня, сціпласьць і спакойны характар дазвалялі Сьвятлане лёгка знаходзіць кантакт з героямі публікацый. Але яе журналісцкая прынцыповасьць, калі справа тычылася нейкіх праблемных артыкулаў, былі вартыя павагі і часам зьдзіўленьня. Асабліва, калі з просьбай падняць тэму ў газэце зьвярталіся людзі, каб дамагчыся справядлівасьці і адстаяць свае правы», — кажуць калегі з «Ганцавіцкага часу».

Сёлета ў канцы жніўня Сьвятлана Малышка падрыхтавала сэрыю матэрыялаў пра тое, як у Ганцавічах рыхтаваліся да абласных «Дажынак». Адна з публікацый, тычылася рэакцыі людзей на сьпілаваныя ў горадзе дрэвы.

Артыкулам абурыліся мясцовыя ўлады, і неўзабаве аўтарку выклікалі ў міліцыю «пагутарыць». Калегі мяркуюць, што гэтая «размова» і гутаркі з кіраўніцтвам мясцовага райвыканкаму вельмі моцна адбіліся на стане здароўя Сьвятланы Малышка.

Як піша БАЖ, яна зазнала сапраўдны стрэс, хоць старалася не паказваць свайго хваляваньня, трымала ў сабе. Праз пару тыдняў карэспандэнтка «Ганцавіцкага часу» трапіла ў шпіталь, лекары не змаглі выратаваць яе жыцьцё.

​
XS
SM
MD
LG