Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская сустрэлася зь віцэ-прэзыдэнткай Microsoft у офісе кампаніі ў ААН


 Сьвятлана Ціханоўская ў офісе Microsoft
Сьвятлана Ціханоўская ў офісе Microsoft

На палях Генасамблеі ААН Сьвятлана Ціханоўская паўдзельнічала ў дыскусіі, арганізаванай кампаніяй Microsoft на тэму магчымасьцяў дапамогі людзям падчас крызісаў з боку тэхналягічных кампаній і штучнага інтэлекту.

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь віцэ-прэзыдэнткай Microsoft Тэрэсай Хатсан, намесьніцай кіраўніцы USAID Ізабэль Коўлман, пазнаёмілася з кіраўніком кампаніі TruePic, якая займаецца выяўленьнем фэйкавых выяваў.

Ціханоўская падзякавала Microsoft за падтрымку беларускіх мэдыя і НДА пасьля 2020 году і дамовіліся, што кампанія будзе працягваць сваю праграму па Беларусі. У прыватнасьці, сотні рэпрэсаваных беларускіх арганізацыяў змаглі атрымаць бясплатныя ці льготныя падпіскі на сэрвісы Microsoft Office, воблачныя сэрвісы кампаніі, а таксама юрыдычныя кансультацыі ад кампаніі. Таксама кампанія распрацавала сыстэму абыходу блякаваньня «экстрэмісцкіх» мэдыя ў Беларусі, якая дазваляе беларусам унутры краіны пры дапамозе штучнага інтэлекту бясьпечна заходзіць на забароненыя сайты.

Таксама пры ўдзеле Microsoft запушчаны спэцыяльны мэдыяаксэлератар, у якім таксама могуць удзельнічаць беларускія мэдыя.

Сярод іншага, падчас сэсіі Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Гватэмалы Алехандра Джаматэем, паведаміў BPN яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

«Мы павінны ўмацоўваць сувязі паміж нашымі народамі, — адзначыла палітык. — Мы падзяляем адны і тыя ж каштоўнасьці і ідэалы, дзе правы чалавека і свабоды зьяўляюцца ключавымі. Гватэмала падтрымала Ўкраіну і падтрымлівае дэмакратычную Беларусь. Для мяне вялікі гонар атрымаць запрашэньне наведаць вашу краіну».

Таксама яна паразмаўляла зь лідэрамі габрэйскай грамады Нью-Ёрку, у тым ліку з рабінам Ёзэфам Пінтам.

Ціханоўская падкрэсьліла, што беларусы і габрэі «маюць шматвяковую агульную гісторыю, культуру, і мы вельмі шануем гэта».

«Свабода веравызнаньня зьяўляецца краевугольным каменем устойлівай дэмакратыі, якую мы імкнёмся пабудаваць у Беларусі», — рэзюмавала дэмакратычная лідэрка.

  • Ціханоўская наведвае Злучаныя Штаты Амэрыкі 17–23 верасьня. У праграме візыту ўдзел у падзеях Генасамблеі ААН, сустрэчы з палітыкамі ЗША і іншых краін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG