Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 18 верасьня: на Віцебшчыне арыштавалі расейца за кепку з Пагоняй


Сілавікі ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Судзьдзя суду Гарадоцкага раёну Ганна Гурынава арыштавала грамадзяніна Расеі Віктара Мішчанку на два дні на падставе ч. 1 арт. 24.23 КаАП за тое, што ён «правёў пікетаваньне» ў Гарадку без дазволу мясцовага райвыканкаму, паведамляюць праваабаронцы.

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэньні, Віктар хадзіў па горадзе ў кепцы з выявай герба «Пагоня» і паласой бел-чырвона-белага колеру. Суду ён растлумачыў, што сапраўды гэта рабіў, бо ня ведаў пра тое, што публічная дэманстрацыя сымболікі, намаляванай на ягоным галаўным уборы, у спалучэньні зь бел-чырвона-белай стужкай зьяўляецца выказваньнем сваіх грамадзка-палітычных поглядаў, то бок пікетам, які праводзіцца незаконна.

За ўдзел у горадзенскай «счэпцы» ў 2020 годзе асудзілі намесьніцу дырэктара прыватнага прадпрыемства

Суд Кастрычніцкага раёну Горадні 28 ліпеня прысудзіў 2 гады «хатняй хіміі» намесьніцы дырэктара аднаго з прыватных прадпрыемстваў горада Вользе Ключнікавай, абвінаваціўшы яе ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала судзьдзя Маргарыта Ланцэвіч.

Матэрыяльную шкоду, нібыта нанесеную грамадзкаму транспарту гораду, у памеры 71,69 рубля, яна сплаціла добраахвотна.

18 жніўня Вольгу Ключнікаву ўнесьлі ў сьпіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці.

У Наваполацку на 15 дзён арыштавалі мужчыну, які расклеіў антываенныя ўлёткі з фота Пуціна

11 ліпеня суд Наваполацка арыштаваў на 15 сутак мужчыну з ініцыялам Д. па артыкуле аб парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў (частка 1 артыкула 24.23 КаАП) за антываенныя ўлёткі. Пра гэта піша «Медиазона» са спасылкай на пастанову суду, апублікаваную у «Банку судовых рашэньняў».

Згодна з пратаколам, раніцай 16 траўня ў Наваполацкі ГАУС зьвярнулася Б.. Паводле яе, на слупе прыпынку грамадзкага транспарту былі налепленыя ўлёткі з абразай Уладзіміра Пуціна.

Пры апытаньні 6 ліпеня Д. расказаў, што вясной вырабіў і расклеіў па горадзе ўлёткі з выявай прэзыдэнта Расеі і антываенным тэкстам.

З рапарту супрацоўніка крымінальнага вышуку Наваполацкага ГАУС вынікае, што 15 чэрвеня вынеслі пастанову аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы паводле артыкулу аб псаваньні маёмасьці (артыкул 341 КК).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG