«Так, прэзыдэнт сёньня падпісаў дэкрэт», — цытуе Delfi дарадцу прэзыдэнта Рыдаса Ясюлёніса. Раней паведамлялася, што 14 верасьня Камісія ў пытаньнях грамадзянства параіла прэзыдэнту пазбавіць Драбязку грамадзянства.
«Тыя аргумэнты спадарыні Драбязкі аб тым, што яна нясе сьвятло культуры і дабра, для мяне зь цяжкасьцю спалучаюцца з тым „сьвятлом“, якое расейскія салдаты нясуць сваімі ботамі на тэрыторыі Ўкраіны», — так раней адказаў Гітанас Наўседа на апраўданьні фігурысткі наконт яе ўдзелу ў расейскіх лядовых шоў.
З ініцыятывай пазбавіць Маргарыту Драбязку грамадзянства Літвы выступіла група дэпутатаў Сейму, якая зьвярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў.
МУС, у сваю чаргу, зьвярнулася да прэзыдэнта Наўседы з просьбай прыняць рашэньне аб грамадзянстве, дадзеным фігурыстцы ў парадку выключэньня. У дакумэнце адзначаецца, што, паводле зьвестак, Драбязка супрацоўнічае з Тацьцянай Наўкай, жонкай Дзьмітрыя Пяскова, прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, і ўдзельнічае ў лядовых шоў, якія арганізуюцца ёю. Сьцьвярджаецца, што падобныя мерапрыемствы спрыяюць распаўсюджваньню наратыву маскоўскага рэжыму аб «русском мире» і ўмацаваньню ўлады Крамля.
У МУС адзначылі, што, атрымліваючы грамадзянства Літвы, Драбязка абяцала выконваць законы краіны, паважаць незалежнасьць дзяржавы і яе тэрытарыяльную цэласнасьць, але «сваімі дзеяньнямі не трымае дадзенае прысягай абяцаньне і, супрацоўнічаючы з рэжымам, варожым літоўскай дзяржаве, ганьбіць імя Літвы».
Папраўку ў заканадаўства аб пазбаўленьні грамадзянства Сейм прыняў у сакавіку 2023 году. Згодна зь ёю грамадзянства можа быць анулявана, калі асоба, якая атрымала літоўскае грамадзянства ў парадку выключэньня, будучы адначасова грамадзянінам іншай дзяржавы, сваімі дзеяньнямі пагражае інтарэсам бясьпекі Літвы або яе саюзьнікаў, тым самым падрываючы рэпутацыю краіны.
Ініцыятар папраўкі, дэпутатка Даля Асанавічуце заявіла, што ўнесла прапанову менавіта ў сувязі з удзелам Маргарыты Драбязкі і яе партнэра па фігурным катаньні Повіласа Ванагаса ў лядовым шоў, якое арганізуе Тацьцяна Наўка, жонка прэс-сакратара расейскага прэзыдэнта, паведамляла LRT.
- У жніўні 2022 году прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў указ аб выключэньні літоўскіх фігурыстаў, бронзавых прызэраў чэмпіянату сьвету 2000 году ў танцах на лёдзе Маргарыты Драбязкі і Повіласа Ванагаса са сьпісу ўзнагароджаных ордэнам Гедзіміна за ўдзел у шоў Тацьцяны Наўкі «Лебядзінае возера» ў Сочы. «Цынічны акт удзелу ў камэрцыйным мерапрыемстве ў Сочы» сьцёр дасягненьні фігурыстаў перад Літвой, напісаў Наўседа ў фэйсбуку.
- Драбязка нарадзілася ў Маскве. Пасьля распаду СССР пачала выступаць за Літву ў танцавальнай пары з Повіласам Ванагасам. Пара пяць разоў удзельнічала ў Алімпійскіх гульнях ад Літвы. У 1992-м фігурыстка атрымала літоўскае грамадзянства, а ў 2000-м выйшла за Ванагаса замуж. Драбязка і Ванагас жывуць у Расеі. Пасьля завяршэньня кар’еры яны ня раз удзельнічалі ў лядовых шоў і спэктаклях.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.