Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі ў закрытым рэжыме судзяць музыкаў Tor Band


Гурт Tor Band з Рагачова Гомельскай вобласьці, архіўнае фота
Гурт Tor Band з Рагачова Гомельскай вобласьці, архіўнае фота

Удзельнікі вядомага беларускага гурту Tor Band за кратамі з 28 кастрычніка 2022 году.

Як нагадвае праваабарончы цэнтар «Вясна», музыкаў вядомага беларускага гурту Tor Band Яўгена Бурло, Дзьмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка затрымалі 28 кастрычніка 2022 году разам з жонкамі і спачатку абвінавацілі паводле артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Першапачаткова ім некалькі разоў запар прызначалі па 15 дзён арышту за ўдзел у здымках кліпаў, а затым перавялі ў СІЗА.

У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле чатырох крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»);
  • ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»);
  • арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»);
  • арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»).


Tor Band займеў папулярнасьць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году. Многія песьні музыкаў былі гітамі зь мільёнам праглядаў. Вядомасьць набылі творы «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021–2022 гадах музыкі таксама выпусьцілі творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».

Інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лягатып гурту Tor Band задняй датай назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у студзені 2023 году гурт прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». У сьпіс «удзельнікаў экстрэмісцкага фармаваньня» ўнесьлі ня толькі музыкаў, але і жонку саліста Юлію Галавач, хоць яна ў гурце ня грала.

Пасьля адбыцьця арыштаў і выплаты штрафу блізкія музыкаў выйшлі на волю. Удзельнікі гурту Дзьмітры Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык адбылі арышт тройчы па 15 дзён запар, пасьля чаго ім выставілі крымінальнае абвінавачаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG