Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BelPol расказаў, чаму інфармацыя КДБ аб затрыманьні «трох агентурных груп СБУ» у Беларусі сумнеўная


Чыгунка. Ілюстрацыйнае фота
Чыгунка. Ілюстрацыйнае фота

Аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol зьвярнула ўвагу на нестыкоўкі ў паказаным на дзяржаўных тэлеканалах 11 верасьня фільме «Бесы террора». Адпаведная заява апублікаваная 13 верасьня ў тэлеграм-канале арганізацыі.

У фільме расказваецца пра затрыманьне супрацоўнікамі Камітэта дзяржбясьпекі «трох агентурных груп СБУ», якія нібыта рыхтавалі тэракты на тэрыторыі Беларусі, паведамляе BPN.

BelPol адзначае, што КДБ не прывёў ніводнага доказу тэрарыстычных акцый, якія рыхтаваліся — «ўстановачных зьвестак, пазыўных, інтэрнэт-акаўнтаў, тэлефонных нумароў, хоць бы кагосьці з «украінскіх куратараў».

«Затрыманыя блытаюцца ў паказаньнях, на каго яны працавалі — СБУ, УСУ, ГУР ці нават ГРУ, якога не існуе ва Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні абʼяднаньня.

«Такога роду дзеяньні, арганізаваныя спэцслужбамі, павінны мець канкрэтную мэту, усе затрыманыя гэтай мэты назваць ня могуць, а толькі прамаўляюць завучаныя фразы пра «дэстабілізацыю абстаноўкі» і «ахвяры сярод мірнага насельніцтва, якіх не ўжываюць цывільныя», — падкрэсьліваюць былыя сілавікі.

Яны заяўляюць, што сёньня прамая ваенная пагроза Украіне з боку Беларусі мінімальная, такім чынам «стратэгічнай неабходнасьці ў правядзеньні апэрацый для спыненьня вайсковых эшалёнаў няма».

«Учыненьне рэальных тэрактаў на беларускай тэрыторыі можа пацягнуць непасрэдны ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне, што відавочна ня выгадна Ўкраіне, другі фронт ёй не патрэбен», — сьцьвярджае BelPol.

Абʼяднаньне канстатуе, што ў зьнятым на аснове дадзеных КДБ фільме «так і не былі прадэманстраваны выбуховыя прылады ў сабраным выглядзе і зьмесьціва схованак зь нібыта канфіскаванай зброяй і выбухоўкай», а адзін з «ўяўных тэрарыстаў» «наогул паняцьця ня мае, як трэба закласьці выбухоўку на чыгуначным шляху і прывесьці яе ў дзеяньне».

«Затрыманьні адбыліся 26 жніўня і 4 верасьня, то бок зусім нядаўна, расьсьледаваньне крымінальных спраў знаходзіцца на пачатковай стадыі. Крымінальныя справы маюць грыф сакрэтнасьці, а дзяржпрапаганда ўжо пасьпела зьняць цэлы фільм са спэцэфэктамі», — адзначае BelPol.

Самай важнай нестыкоўкай называецца адсутнасьць з боку КДБ «апэратыўнай гульні» пасьля выяўленьня меркаваных злачынцаў.

Такая гульня, на думку, ініцыятывы экс-сілавікоў, вялася б «у абавязковым парадку», калі б сапраўды была раскрытая «замежная агентура, якая мела рэальныя выбуховыя прылады і плянавала ўчыненьне тэрактаў».

Сьцвярджаецца, што «па заданьні ўкраінскай спэцслужбы» ў Стаўпецкім і Талачынскім раёнах мелася адбыцца «сэрыя падрываў на чыгунцы» падчас руху пасажырскіх цягнікоў. Выканаўцамі тэрактаў нібыта павінны былі выступіць «завэрбаваныя жыхары» Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG