Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 11 тысяч хасідаў прыехалі ва ўкраінскую Умань на сьвята, нягледзячы на пагрозу расейскіх нападаў


З 11 верасьня ва Умані пачаў дзейнічаць асаблівы рэжым уезду і выезду, а таксама перамяшчэньня па горадзе
З 11 верасьня ва Умані пачаў дзейнічаць асаблівы рэжым уезду і выезду, а таксама перамяшчэньня па горадзе

Да штогадовага святкаваньня Рошашонэ чакаюць каля 30 тысяч паломнікаў-хасідаў, заявіў кіраўнік Уманьскай раённай вайсковай адміністрацыі Ігар Міклашчук.

Пра гэта паведамляе агенцтва УНІАН. Кіраўнік Чаркаскай абласной вайсковай адміністрацыі Ігар Табурэц паведаміў, што паломнікі-хасіды прыехалі, «нягледзячы на папярэджаньні як дыпляматычных службаў, гэтак і абласнога вайсковага ўпраўленьня».

Паводле чыноўніка, з 11 верасьня ва Умані пачаў дзейнічаць асаблівы рэжым уезду/выезду, а таксама перамяшчэньня па горадзе.

«У паломніцкай зоне забараняецца продаж алькагольных напояў і сьпіртазмяшчальных рэчываў, а таксама продаж і выкарыстаньне піратэхнікі, пнэўматычнай зброі, цацак, якія імітуюць зброю. Камэнданцкі час з 00:00 да 4:00 дзейнічае для ўсіх», – сказаў Табурэц.

Аб увядзеньні асаблівага рэжыму ва Ўмані было заяўлена раней, ён працягнецца да 21 верасьня.

Напярэдадні прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу перасьцярог ізраільскіх грамадзян ад паездак ва Ўкраіну на Рошашонэ.

Сёлета Рошашонэ (габрэйскі Новы год) прыпадае на 15-17 верасьня.

Летась СБУ і міліцыя Ўкраіны таксама рэкамэндавалі хасідам-паломнікам адмовіцца ад наведваньня Ўкраіны з прычыны поўнамаштабнай вайны. Мясцовыя ўлады паведамілі, што, паколькі пілігрымы яшчэ прыбываюць, у горадзе для іх створаны 21 прытулак.

Хасіды традыцыйна прыяжджаюць адзначыць сьвята на магілу цадзіка Нахмана ва Умані Чаркаскай вобласьці Ўкраіны. У 2021 годзе Ўмань наведалі больш як 29 тысяч паломнікаў-хасідаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG