Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ангельская без Брытаніі, француская без Парыжа. Настаўнікі расказваюць, як у Беларусі цяпер вывучаюць замежныя мовы


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Навучальны год у школах пачаўся зь «ператрусу» — з кабінэтаў і бібліятэк выкінулі ўсе старыя падручнікі і дапаможнікі. «Па даручэньні прэзыдэнта», — тлумачыў міністар інфармацыі.

На пачатку новага навучальнага году міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец анансаваў вялікія перамены ў школьных падручніках. Па словах міністра, да 2027 году яны павінны абнавіцца з улікам зьменаў у дзяржаўнай ідэалёгіі. Як стала вядома Свабодзе, працэс ужо пачаўся. Школы наведваюць дэлегацыі з чыноўнікаў, якія расказваюць, што і як трэба зьмяняць. Некалькі настаўнікаў і маці адной з вучаніц на ўмовах ананімнасьці расказалі, што цяпер адбываецца ў школьных кабінэтах і бібліятэках.

«Калашмацілі ўсе шафы»

Настасься (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) працуе настаўніцай у адной са школ абласнога цэнтру. Яна кажа, што пасьля нечаканай праверкі зь Міністэрства адукацыі ў шоку былі нават тыя настаўнікі, якія прыхільна ставяцца да ўлады. Па яе словах, чыноўнікі ад адукацыі загадалі вынесьці са школы ў падсобнае памяшканьне, а затым здаць у макулятуру ўсе старыя падручнікі і дапаможнікі. Настасься дадае, што гэта тычылася ня толькі падручнікаў па гісторыі, якія «пачысьцілі» раней. На гэты раз дасталося і падручнікам замежных моваў.

«Наагул усе прадметы! І з кабінэтаў, і зь бібліятэкі. Такі прыклад: аднаго настаўніка ўжо не было на працы, ён адвёў урокі і пайшоў дахаты. Гэтыя наляцелі, калашмацілі ягоны кабінэт у яго адсутнасьць і выкінулі ўсе старыя падручнікі і дапаможнікі. Справа ў тым, што сярод старых падручнікаў і дапаможнікаў было шмат добрых, настаўнікі імі карысталіся, давалі заданьні дзецям адтуль. На разьвітаньне (правяральнікі. — РС) сказалі, што настаўнік ня мае права прынесьці і паказваць дзецям на ўроку стары падручнік, па любым прадмеце. Бо раптам там нейкія творы, якіх няма ў праграме», — расказала Настасься.

Яна дадала, што старыя падручнікі перадаюць у макулятуру. Па словах суразмоўцы, «чысткі» тычыліся і розных хрэстаматый, зь якіх настаўнікі давалі дзецям заданьні.

Настасься мяркуе, што цікавасьць да старых падручнікаў у чыноўнікаў узьнікла пасьля даручэньня Лукашэнкі, якое прагучала яшчэ 18 жніўня на нарадзе, прысьвечанай адукацыі.

Па яго словах, бацькі беларускіх вучняў масава скардзяцца на падручнікі, па якіх вучацца іхныя дзеці. Нейкіх доказаў існаваньня такіх скаргаў або іх колькасьці Лукашэнка не агучыў.

«Дзеці вучацца па добрых дапаможніках, але цішком»

Алеся (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) выкладае ангельскую мову ў адной зь беларускіх школ. Яна гаворыць пра зьмены, якія ідуць ад чыноўнікаў сфэры адукацыі ад пачатку навучальнага году.

«Сказана вывучаць ангельскую „без паглыбленьня ў асяродак“. Гэта значыць, каб не было ніякіх сьцягоў, мапаў Вялікай Брытаніі, двухпавярховых аўтобусаў і ўсяго, што нагадвае Каралеўства. Сказана вывучаць традыцыі, культуру Беларусі — але на ангельскай мове!», — расказала Алеся.

Раней у яе кабінэце ангельскай мовы былі выявы Лёндану і тых самых «двухпавярховых аўтобусаў». Што будзе з афармленьнем цяпер, настаўніца ня ведае.

Яшчэ адно новаўвядзеньне, пра якое расказвае Алеся, — прапанова карыстацца на ўроках ангельскай мовы толькі беларускімі падручнікамі. Пра гэта ж афіцыйна паведамляла Міністэрства адукацыі.

«Выкарыстаньне ў навучальным працэсе падручнікаў і дапаможнікаў бяз грыфаў „Зацьверджана Міністэрствам адукацыі“ ці „дапушчана Міністэрствам адукацыі“ катэгарычна забаронена», — папярэджвалі настаўнікаў чыноўнікі.

«У маёй калегі, настаўніцы ангельскай, такая цяжкая сытуацыя. Яна, зразумела, выкладае па беларускім падручніку. Але штогод, і гэта шмат гадоў, яна зьбірала з бацькоў грошы і замаўляла спэцыялізаваныя выданьні і рабочыя сшыткі да іх у Брытаніі. Сёлета таксама яна загадзя заказала тыя падручнікі і сшыткі. Цяпер ня ведае, як гэта ўсё абысьці. Дзеці па іх займаюцца, але цішком», — расказвае Алеся.

Кабінэт францускай мовы бяз згадваньня пра Францыю

Жыхарка Гомля Кацярына на ўмовах ананімнасьці падзялілася са Свабодай, што з пачаткам навучальнага году зьмянілася ў гомельскай гімназіі, дзе вучыцца яе дачка.

«Сёлета кабінэт францускай і саму школу „пачысьцілі“ ад усяго францускага і нават успамінаў пра гэтую краіну. Ніякіх каб не было Парыжаў і Эйфэлевых вежаў. І гэта ў гімназіі імя Блеза Паскаля! (францускі матэматык і навуковец сярэдзіны ХVII стагодзьдзя. — РС) Гімназія раней мела цесныя кантакты з францускім горадам Клермон-Фэран, пабрацімам Гомля. Цяпер усе кантакты разарваныя і ўсё супрацоўніцтва скончылася. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што гімназія стаіць на вуліцы Клермон-Фэран. Ці дойдзе да зьмены назвы вуліцы, ня ведаю», — кажа суразмоўца.

Паводле рэкамэндацый, якія перад новым навучальным годам выпусьціла Міністэрства адукацыі сёлета «ў адукацыйным працэсе будуць выкарыстоўвацца падручнікі, уключаныя ў «Пералік вучэбных выданьняў, якія прыдатныя для выкарыстаньня ў бібліятэчных фондах устаноў адукацыі, зацьверджаныя міністрам адукацыі».

Па інфармацыі Міністэрства, у 2023/2024 навучальным годзе актуальнымі застаюцца «рэалізацыя ў адукацыйным працэсе выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмету „Замежная мова“, фармаваньне ў вучняў пачуцьця патрыятызму, грамадзянскасьці, павагі да гістарычнай мінуўшчыны».

«У гэтым кантэксьце неабходна зьвярнуць увагу вучняў на важнасьць веданьня гераічнага мінулага беларускага народу, нацыянальнай культуры і традыцый, што садзейнічае перадачы духоўнага досьведу народу, выхаваньню павагі да айчыннай культуры і гісторыі», — тлумачаць чыноўнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG