«Указ, які забараняе выдачу ці падаўжэньне пашпартоў за мяжой, стварае рызыку парушыць правы тысяч беларусаў у выгнаньні, у тым ліку абмежаваць іх свабоду перамяшчэньня, — гаворыцца ў допісе на старонцы ў Twitter Офісу правоў чалавека ААН. — Ніхто не павінен адчуваць ціск, каб вяртацца і рызыкаваць трапіць пад перасьлед. Мы заклікаем перагледзець указ у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі».
«Калі людзі будуць вымушаныя вяртацца ў Беларусь, многія зь іх сутыкнуцца з парушэньнямі правоў чалавека, такімі як адвольныя арышты і катаваньні», — цытуе францускае агенцтва France Presse спэцыяльную дакладчыцу аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.
- Указ Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасьня № 278 пазбаўляе замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты. Касуецца права консульстваў удзельнічаць у працэдуры адчужэньня маёмасьці, уключаючы нерухомасьць і аўтамабілі. Такія ўгоды можна будзе ажыцьцяўляць пры асабістай яўцы ў адпаведныя дзяржаўныя органы або на падставе даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі (раней такія даверанасьці афармлялі консульствы).
- І Эўразьвяз, і Дзярждэпартамэнт ЗША асудзілі новы ўказ. Аднак у Эўразьвязе заявілі, што для таго каб прымаць далейшыя рашэньні, ім трэба яшчэ зразумець, якія практычныя наступствы можа прынесьці гэты дакумэнт для грамадзян Беларусі, што знаходзяцца на тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу.