Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяніс Марціновіч: «Улады адмоўна кажуць пра паўстаньне 1863 года — а яго ідэяй літаральна гараць героі караткевічаўскіх „Каласоў...“


Са школьнай праграмы выдалены раман Уладзімера Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім“. Пра прычыны і наступствы гэтага кроку ўладаў Свабода пагаварыла з гісторыкам, крытыкам, аўтарам кніг „Донжуанскі сьпіс“ Караткевіча» і «Жанчыны ў жыцьці Ўладзімера Караткевіча» Дзянісам Марціновічам.

«Уражаньне ад „Каласоў...“ было неверагодным, фантастычным, яркім»

—Калі Вы ўпершыню прачыталі «Каласы пад сярпом тваім»? Ці памятаеце сваё ўражаньне ад прачытанага?

—Пра месца, дзе ўпершыню адкрыў «Каласы..»., магу сказаць дакладна. Гэта сталічны мікрараён Зялёны Луг, кватэра маіх дзядулі і бабулі, куды я прыяжджаў амаль кожнае лета. У іх бібліятэцы я і знайшоў раман Караткевіча. Прычым, першую кніжную публікацыю 1960-х гадоў. Калі ня блытаю, гэта адбылося пасьля таго, як скончыў восьмую ці дзявятую клясу.

Уражаньне ад «Каласоў...» было неверагодным, фантастычным, яркім. Лепшы доказ: традыцыя перачытваньня, якая ў мяне тады ўзьнікла. Я перачытваў раман кожнае лета, калі прыяжджаў у Зялёны Луг. Агулам мо разоў пяць.

Дзяніс Марціновіч
Дзяніс Марціновіч

«Каласы...» сталі маёй любімай кнігай. Тады я вучыўся ў легендарным Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Там гучала беларуская мова і панавала нацыянальная сьвядомасьць. Таму твор Караткевіча ня выклікаў шок. Ён стаў яшчэ адной цаглінай у фармаваньні беларускага сьветапогляду. А цікавасьць і любоў да Уладзімера Сямёнавіча як да творцы, рэгулярны зварот да яго «Каласоў...» падштурхнулі да дасьледаваньня ягонай біяграфіі і ягоных кніг.

Калі вучыўся ў адзінаццатай клясе, напісаў артыкул «Паляваньне на Алёнку», надрукаваны ў часопісе «Маладосьць» (прысьвечаны пошукам прататыпу дзяўчыны, што дзейнічала ў аповесьці Караткевіча «У сьнягах драмае вясна», а потым у рамане «Леаніды ня вернуцца да Зямлі»). Першакурснікам гістфаку БДУ прапанаваў у артыкуле «Працяг „Каласоў...“ — міт ці рэальнасьць?» (надрукаваны ў часопісе «Роднае слова») ідэю, што апавяданьне «Сіняя-сіняя» зьяўляецца эпілёгам да «Каласоў...». Гэтыя тэксты потым увайшлі ў мае кнігі.

«На „Каласы...“ у літаральным сэнсе маліліся»

—А ў кантэксьце ўсёй беларускай літаратуры другой паловы XX стагодзьдзя наколькі знакавая гэтая кніга? Ці сапраўды яна зрабіла пераварот у сьвядомасьці старэйшых чытачоў і фармаваньні самаідэнтыфікацыі маладзейшых?

—Так, гэта знакавая кніга. Скажу болей, культавая. Культавыя кнігі з выключна літаратурных твораў становяцца сымбалямі свайго часу, яны ператвараюцца ў прадметы захапленьня, перайманьня, на іх арыентуюцца сучасьнікі і нашчадкі.

На «Каласы...» у літаральным сэнсе маліліся, і гэтае захапленьне было вартым таго. Караткевіч адкрываў сваім суайчыньнікам Беларусь, чыя гісторыя была схаваная ў цёмны пакой на доўгія дзесяцігодзьдзі. Зьяўляючыся не гісторыкам, а пісьменьнікам, ён у нечым ствараў міт аб Беларусі. Але гэты міт быў такім займальным, што ў яго хацелася верыць.

Караткевіч прывёў да Беларусі і беларускасьці цэлае пакаленьне, зьмяніў сьвядомасьць і паспрыяў самаідэнтыфікацыі чытачоў, якія далучыліся да чытаньня раману пазьней.

«Ідэі раману супярэчаць цяперашнім падыходам у адукацыі»

—Наколькі чаканай у зьвязку з усімі цяперашнімі дзеяньнямі ўладаў Беларусі была для вас навіна пра выдаленьне «Каласоў...» са школьнай праграмы?


—Ва ўмоўным 2019 годзе навіна выкліка б шок. Але апошнім часам гэта, на жаль, ня тая навіна, якая можа зьдзівіць. Хоць, натуральна, ніхто яе не чакаў.

—Чым, па-вашаму, правініліся Караткевічавы «Каласы...», напісаныя паўстагодзьдзя таму, перад сёньняшнімі ўладамі Беларусі?

—Як у тым анэкдоце, у разуменьні чыноўнікаў ёсьць два меркаваньні: іх і няправільнае. Як высьветлілася, Караткевіч прытрымліваўся другога.

Не істотна, што ў савецкія часы Кастусь Каліноўскі справядліва лічыўся народным героем, у гонар яго называлі вуліцы, здымалі пра яго фільмы. Цяпер гэта нібыта «тэрарыст», якога з мэтай дыскрэдытацыі несправядліва абвінавачваюць у рэпрэсіях мірнага насельніцтва. А ў Караткевіча Каліноўскі — адзін з пэрсанажаў рамана, прычым выведзены ён у «Каласах...» відавочна станоўчым героем.

Цяпер з высокіх трыбун адмоўна ставяцца да паўстаньня 1863 года — а яго ідэяй літаральна гараць героі «Каласоў...».

Агулам ідэі раману супярэчаць цяперашнім падыходам у адукацыі.

«У нашай краіне заўжды цікавае тое, што забароненае»

—А ці чытае, па-вашаму, сёньняшняя моладзь гэты раман Караткевіча? І ці паўплывае на рост папулярнасьці кнігі яе выдаленьне са школьнай праграмы?

—Цяжка сказаць. Яшчэ нядаўна некалькі разоў чуў ад настаўнікаў, што падлеткі чытаюць «Каласы...». ня надта ахвотна. Паколькі сам не выкладаў у школе, магу выказаць толькі здагадкі пра прычыны.

Па-першае, цяпер наогул чытаюць менш, чым раней. Паспрабуй тоўстай кнізе змагацца з ціктокам 

Па-другое, «Каласы...» — гэта, у тым ліку, асьветніцкі прадукт. Цэлыя старонкі аддадзены знаёмству з тым ці іншым прадстаўніком нацыянальна-вызваленчага руху (напрыклад, з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам). Тады, калі стваралася кніга, пра гэтых людзей ня надта пісалі. Ды і беларускіх гістарычных твораў амаль не было. Цяпер гэтая праблема часткова вырашана. Момант навізны ці сэнсацыі зьнік.

Па-трэцяе, пры ўсёй нашай вялікай любові да «Каласоў...» давайце прызнаемся шчыра: гэты раман найбольш моцны па сваім духу і ідэях, па закладзенай у ім энэргетыцы. Але калі кіравацца выключна літаратурнымі крытэрыямі, то без пытаньняў аддам перавагу той жа «Ладзьдзі Роспачы». Ды і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» куды больш наватарскі твор, чым дастаткова традыцыйныя «Каласы...».

Гэта ня сьведчыць, што іх трэба прыбіраць з праграмы. Наадварот, апошняя ўсё ж арыентаваная на большасьць вучняў, а не на эстэтаў. Але гэтая акалічнасьць таксама магла паўплываць на ўспрыманьне «Каласоў...» з боку «прасунутых» чытачоў.

Што тычыцца росту папулярнасьці кнігі пасьля яе выдаленьня са школьнай праграмы, то ўсё магчыма. У нашай краіне заўжды цікава тое, што забароненае (цалкам ці, прынамсі, ускосна). Ня будзем забывацца, што ў «Каласах..» дзейнічаюць героі, якія цяпер ня ў модзе для ўлады і малююцца тэрарыстамі (кшталту Кастуся Каліноўскага). Для маладзёна гэта можа быць добрай рэклямай.

«Сытуацыя будзе аналягічная з быкаўскай: акцэнт на адныя творы і незьвяртаньне ўвагі на іншыя»

—Ёсьць зьвесткі, што кнігі Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Сьвятланы Алексіевіч, Уладзімера Арлова ня толькі раней выдалілі са школьнай праграмы, але сёлета ўжо сабралі са школьных бібліятэкаў, і лёс гэтых кніг невядомы. Ці можна чакаць падобнага абыходжаньня з творамі Караткевіча?

—Рабіць у наш час прагнозы — няўдзячная справа. Але паколькі пытаньне прагучала, трэба на яго адказаць. Мой адказ: «Мяркую, што не».

У якасьці доказу згадаю савецкія часы. У афіцыйнай павестцы існаваў народны пісьменьнік БССР, ляўрэат Ленінскай прэміі, Герой Сацпрацы Васіль Быкаў, які «чамусьці» напісаў нейкую «неблаганадзейную» аповесьць «Мёртвым не баліць». У выніку пра апошні твор ніхто ня згадваў, публікаваць яго не дазвалялі, што не перашкаджала ўладзе выкарыстоўваць імя Васіля Ўладзімеравіча ў сваіх мэтах.

Дарэчы, падобная сытуацыя назіраецца і ў наш час. Спэктаклі па «Альпійскай баладзе» Быкава ідуць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і Тэатры юнага гледача. Самадзейнасьці тут быць ня можа. Кожная прэм’ера цяпер узгадняецца зьверху. Але чакаць публічнай згадкі пра палітычныя погляды клясыка, яго падтрымку БНФ, пра творы кшталту «Жоўты пясочак» ці «Сьцяна», не выпадае.

Тое ж самае можна чакаць з творамі Ўладзімера Караткевіча. Нядаўна «Беларусьфільм» запусьціў у вытворчасьць фільм «Чорны замак Альшанскі». Аднайменны раман замяніў «Каласы...» у школьнай праграме.

У РТБД паставілі спэктакль «Карней» па матывах твораў Караткевіча.Мяркую, сытуацыя будзе аналягічная з быкаўскай: акцэнт на адныя творы і незьвяртаньне ўвагі на іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG