Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Для Паліны Шарэнды-Панасюк перасталі прымаць перадачы


Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота

У сваякоў не бяруць перадачы для палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, якая пасьля галадаваньня мае патрэбу ў адмысловым харчаваньні. Пра гэта Свабодзе паведаміў муж актывісткі Андрэй Шарэнда. 

«З Рэчыцкага ізалятару, дзе Паліна трымала галадоўку пратэсту супраць новага крымінальнага перасьледу, яе перавялі ў Гомельскі СІЗА. Галадоўку яна спыніла, але праблема тая, што ёй цяпер патрэбна адмысловае харчаваньне, якое забяспечыць мы ня можам, бо перадачы не прымаюць. Кажуць, што нібыта ліміт вычарпаны. Гэта няпраўда, бо перадач у Рычыцкім ІЧУ не было, а цяпер у Гомельскім СІЗА перадачы мусяць прымаць кожны дзень, але не прымаюць», — расказаў Андрэй Шарэнда.

Паводле Андрэя, другой праблемай са здароўем жонкі стала тое, што пасьля знаходжаньня ў ІЧУ ў яе моцна баліць сьпіна.

«У Рэчыцы Паліну трымалі ў бруднай камэры без матраца і пасьцельных рэчаў. Мусіла ляжаць на „шконцы“ на мэталічных пласьцінах. Нават на падлогу немагчыма было класьціся, бо там было брудна і поўзалі вошы. Як вынік, цяпер скардзіцца на болі ў сьпіне, якія не сьціхаюць», — кажа Андрэй Шарэнда. Мужчына спасылаецца на зьвесткі з Гомельскага СІЗА. Лістоў ад жонкі ён не атрымлівае ўжо два месяцы.

23 жніўня актывістка «Эўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда абвясьціла галадоўку і не прымала ежы, пакуль яе не перавялі з Рэчыцкага ІЧУ ў Гомельскае СІЗА. Колькі дзён дакладна галадавала Паліна Шарэнда-Панасюк, яе муж ня ведае. У Рэчыцкім ізалятары часовага ўтрыманьня ў Паліны прайшлі апошнія сьледчыя дзеяньні ў межах крымінальнай справы за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».

«Цяпер справа Паліны знаходзіцца ў Рэчыцкім раённым судзе, але калі будзе прызначаны працэс, невядома. Мяркую, ціск на яе падвышаецца, нечага ад яе дамагаюцца, але яна не саступае», — расказаў Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк, якая спачатку была асуджаная на 2 гады зьняволеньня, павінна была выйсьці на волю мінулым летам, але ў 2022 годзе яе асудзілі на яшчэ 1 год калёніі. Сёлета ў красавіку супраць жанчыны завялі яшчэ адну крымінальную справу — зноў за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG