Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы патлумачыла прычыну сваёй адмовы назіраць за вучэньнямі АДКБ у Беларусі


Будынак Міністэрства замежных спраў Польшчы ў Варшаве. Архіўнае фота
Будынак Міністэрства замежных спраў Польшчы ў Варшаве. Архіўнае фота

Міністэрства замежных спраў Польшчы не разглядае сур'ёзна запрашэньня беларускага боку назіраць за вучэньнямі АДКБ, заявілі ў ведамстве ў адказ на запыт «Белсату».

Аляксандар Лукашэнка 31 жніўня расказаў, што прадстаўнікоў Польшчы запрашалі назіраць за вучэньнямі АДКБ «Баявое братэрства – 2023» на тэрыторыі Беларусі. Міністэрства замежных справаў Польшчы патлумачыла «Белсату», што запрашэньне не ўспрынялі сур’ёзна.

Міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі за дзень да заявы Аляксандра Лукашэнкі сказаў, што вучэньні ў Беларусі з удзелам расейскіх войскаў — «элемэнт псыхалягічнай вайны супраць Польшчы», а кіраўнікоў Расеі і Беларусі назваў дыктатарамі. Але прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі 1 верасьня заявіў, што Польшча адмаўляецца назіраць за вучэньнямі.

Пасьля гэтага «Белсат» накіраваў Міністэрству замежных справаў Польшчы пытаньне: ці прынялі запрашэньне на вучэньні, якія міністар назваў «элемэнтам псыхалягічнай вайны»?

У міністэрстве адказалі так:

«На тле ўсіх правакацыйных беларускіх дзеяньняў супраць Польшчы, якія ўплываюць на істотнае пагаршэньне сытуацыі ў рэгіёне (ініцыяваны міграцыйны прэсінг, няспынныя вучэньні на палігонах паблізу нашых межаў, прысутнасьць наёмнікаў групы „Вагнэр“, непрыязныя выказваньні Лукашэнкі, інфармацыя аб разьмяшчэньні ядравай зброі), такога тыпу запрашэньні трэба трактаваць як прапагандысцкія дзеяньні. Яны не спрыяюць павелічэньню ўзаемнага даверу ці рэальнай празрыстасьці дзеяньняў, што праводзяцца», — патлумачылі ў МЗС Польшчы.

У рамках комплексу апэратыўна-тактычных вучэньняў АДКБ «Баявое братэрства» 1–6 верасьня на тэрыторыі Беларусі пройдуць:

  • манэўры «Ўзаемадзеяньне» (сумеснае ўрэгуляваньне крызіснай сытуацыі);
  • «Пошук» (узаемадзеяньне выведак), «Эшалён» (дзеяньні сіл і сродкаў матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня);
  • «Бар’ер» (сумесная работа фармаваньняў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны;
  • і «Скала» (дзеяньні ратавальнікаў краін АДКБ пры ядзернай аварыі).

Чакаецца ўдзел 2,5 тысячы вайскоўцаў і звыш 500 адзінак вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі. Будуць задзейнічаныя палігоны і ўчасткі мясцовасьці Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай абласьцей.

Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — вайскова-палітычны блёк. У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG