Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы ня стаў уносіць у парлямэнт прапанову ўніфікаваць абмежаваньні супраць беларусаў і расейцаў


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, архіўнае фота
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, архіўнае фота

У прапановах, падрыхтаваных прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам да восеньскай сэсіі Сэйму, няма паправак аб уніфікацыі нацыянальных абмежавальных мераў у дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі, паведамляе LRT.

Разам з тым сваю пазыцыю па гэтым пытаньні палітык не зьмяніў. Гітанас Наўседа па-ранейшаму мяркуе, што для бясьпекі жыхароў неабходна перагледзець парадак, пры якім у беларусаў застаецца больш магчымасьцяў для ўезду ў Літву і атрыманьня часовага віду на жыхарства, чым у расейцаў.

«Спадзяюся, што [абмеркаваньні] зноў вернуцца да прававога статусу перамяшчэньня грамадзян Беларусі і Расеі праз нашу мяжу, статусу іх віду на жыхарства ў Літве. Сёньня мы жывем у напружанай атмасфэры, калі нам даводзіцца быць максымальна гатовымі да магчымых правакацыяў, магчымых спробаў дэстабілізаваць нашу ўнутрыпалітычную сытуацыю. Яна сапраўды далікатная. Мы павінны прыкласьці ўсе намаганьні, каб людзі ў нашай краіне маглі жыць бясьпечна», — заявіў журналістам Наўседа.

  • У красавіку парлямэнт Літвы прыняў закон, які прадугледжвае абмежавальныя меры ў дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі, зьвязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцьця нерухомасьці ды інш. На этапе разгляду дакумэнту абмежаваньні ў дачыненьні да беларусаў значна зьмякчылі, большасьць санкцыяў закранула расейцаў.
  • Наўседа наклаў на закон вэта і прапанаваў парлямэнту ўраўнаваць санкцыі для беларусаў і расейцаў. Сэйм адхіліў вэта і зацьвердзіў дакумэнт без прапановаў кіраўніка дзяржавы.
  • Пасьля прыбыцьця ў Беларусь наймітаў ПВК «Вагнэр» Наўседа і некаторыя іншыя палітыкі заклікалі ўвосень вярнуцца да пытаньня пра сынхранізацыю нацыянальных абмежаваньняў супраць беларусаў і расейцаў.
  • Беларуская дэмакратычная лідарка Сьвятлана Ціханоўская заклікала літоўскія ўлады не ісьці на гэты крок.
  • Сьпікер Сэйму Літвы Вікторыя Чмілітэ-Нільсан неаднаразова выказвалася супраць уніфікацыі санкцыяў, у апошні раз — 30 жніўня пасьля пасяджэньня кааліцыйнай рады парлямэнцкіх палітычных груп, на якім коратка абмяркоўвалі гэтае пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG