Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: ЗША паставяць Украіне бранябойныя снарады са зьбедненым уранам


Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ўпершыню вырашыла паставіць ва Ўкраіну бранябойныя снарады, якія зьмяшчаюць зьбеднены ўран, паведамляе агенцтва Reuters, якое атрымала магчымасьць азнаёміцца з тэкстам адпаведнага дакумэнта.

Аб прыняцьці рашэньня паведамілі агенцтву і дзьве іншыя афіцыйныя крыніцы.

Снарады, здольныя прабіць браню расейскіх танкаў, увайшлі ў новы пакет амэрыканскай ваеннай дапамогі Ўкраіне. Пра гэты пакет будзе аб’яўлена на наступным тыдні.

Снарады, пра якія ідзе гаворка, могуць прымяняцца пры стральбе з гарматаў, якімі ўзброеныя танкі Abrams. Як паведаміла крыніца, зьвязаная з наданьнем ваеннай дапамогі Ўкраіне, партыя танкаў Abrams паступіць ва Ўкраіну «ў бліжэйшыя тыдні».

Снарады са зьбедненым уранам валодаюць лепшай бранябойнасьцю, чым звычайныя. Зьбеднены ўран — гэта адходы працэсу ўзбагачэньня ўрану. Ён таксама можа выкарыстоўвацца пры вытворчасьці ядзернай зброі.

Раней Украіна ўжо атрымала снарады гэтага тыпу ад Вялікай Брытаніі — для абсталяваньня брытанскіх танкаў «Чэленджэр-2». Расея тады назвала гэты крок «сурʼёзнай эскаляцыяй канфлікту». «Гэта шырока распаўсюджаны тып боепрыпасаў, які выкарыстоўваецца дзесяцігодзьдзямі з прычыны яго бранябойных уласьцівасьцяў», — заявіў у адказ прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі, падкрэсьліўшы, што гэтыя снарады не радыяактыўныя і не адносяцца да ядзернай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG